На 2020 год Беларусь заплянавала прыняць значна менш уцекачоў, чым летась

У 2020 годзе статус уцекача ў Беларусі змогуць атрымаць 700 чалавек — на 200 менш, чым у 2019 годзе. Пастанова МУС аб разьмеркавальных квотах апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.


01-3DBFECC2-8C58-4522-9400-61026109868E_w1597_n_r1_st.jpg

Ілюстрацыйнае фота. Чачэнскія ўцекачы на вакзале ў Берасьці, 2016 год


На 2020 год Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі вызначыла наступныя разьмеркавальныя квоты рэгістрацыі хадайніцтваў аб наданьні статусу ўцекача, дадатковай абароны або прытулку:

  • Берасьцейская вобласьць — 120 чалавек;
  • Віцебская — 150;
  • Гомельская — 150;
  • Горадзенская — 90;
  • Менская — 110;
  • Магілёўская — 80.

У 2019 годзе статус уцекача ў Беларусі маглі атрымаць 900 чалавек, у 2018-м — 800. Больш за ўсё ўцекачоў Беларусь была гатовая прыняць у 2016 і 2015 гадах — па 1200. У 2013-м і 2014-м квоты былі нашмат меншыя — 220 чалавек.


Уцекачы ў Беларусь

  • За пэрыяд дзеяньня ў Беларусі закону аб вымушанай міграцыі, пачынаючы з 1997 году, з хадайніцтвамі аб абароне ў міграцыйныя органы Беларусі зьвярнуліся каля 9 тысяч замежных грамадзян з 60 краін сьвету.
  • Колькасьць вымушаных мігрантаў у Беларусі пачала павялічвацца з 2014 году пасьля анэксіі Крыму і пачатку вайны на Данбасе, а таксама збройных канфліктаў у некаторых кранах Азіі і Афрыкі.
  • 92% тых, хто зьвярнуўся за 2018–19 гады, — грамадзяне Ўкраіны. Апрача ўкраінцаў, сёлета з хадайніцтвамі аб абароне зьвярталіся грамадзяне Сырыі, Аўганістану, Емэна, Расеі, Армэніі, Палестыны.
  • За пэрыяд ад 2014 да 2018 году па атрыманьне статусу ўцекача або па дадатковую абарону зьвярнуліся 3318 украінскіх грамадзян, зь якіх дадатковую абарону атрымалі 2690 чалавек. За ўвесь час толькі чацьвёра грамадзян Украіны атрымалі афіцыйны статус уцекача.
  • Агулам у Беларусі абарону атрымліваюць каля 85% замежных уцекачоў (паводле Дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі МУС).

svaboda.org