МЗС Латвіі заклікаў сваіх грамадзян устрымацца ад паездак у Беларусь

Міністэрства замежных спраў Латвіі заклікала жыхароў краіны ўстрымацца ад паездак у Беларусь, паведамляе ТАСС са спасылкай на прэс-сакратара латвійскага МЗС Яніса Бекерыса.

"Прымаючы да увагі сітуацыю з бяспекай, асабліва заклікаем ацаніць неабходнасць паездак у Беларусь", — сказаў ён.

У Рызе мяркуюць, што ў грамадзян і ў беларусаў, якія маюць від на жыхарства ў краіне, могуць узнікнуць праблемы пры вяртанні ў Латвію. Бекерыс нагадаў аб змененым парадку выезду з РБ. Беларусы не могуць выязджаць праз наземныя пункты пропуску без важкіх прычын ужо са снежня, а цяпер не выпускаюць і тых грамадзян РБ, хто мае часовы від на жыхарства ў іншых краінах.

Новыя правілы міграцыі "могуць закрануць і нашых грамадзян, і беларусаў, у якіх ёсць сталы від на жыхарства ў Латвіі", — сказаў прадстаўнік латвійскага МЗС.

Варта дадаць, што атрымаць консульскую дапамогу латвійскіх дыпламатаў у Мінску цяпер таксама немагчыма. Пасля інцыдэнту з самалётам Ryanair 23 траўня і затрыманнем Рамана Пратасевіча і ягонай дзяўчыны Сафіі Сапегі, кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевічс і мэр Рыгі Марцінш Стакіс памянялі ў цэнтры Рыгі беларускі сцяг — знялі чырвона-зялёны і паднялі бел-чырвона-белы.


mfa_latvia_4_06_3.jpg

Пасля таго, як у Рызе паднялі бел-чырвона-белы сцяг, з Мінска выслалі ўсіх латвійскіх дыпламатаў / twitter.com/edgarsrinkevics


Беларускі МЗС у адказ запатрабаваў, каб амбасадар і ўсе супрацоўнікі латвійскага пасольства на працягу 48 гадзін пакінулі краіну. У той жа дзень у МЗС Латвіі выклікалі часовага паверанага беларускай амбасады Наталлю Садоўскую, дзе яе праінфармавалі аб неабходнасці ад'езду беларускіх дыпламатаў на радзіму "да моманту нармалізацыі стасункаў".

euroradio.fm