МЗС Беларусі пра марш у Гайнаўцы: Нам трэба нагнятанне адносін паміж беларусамі і палякамі?

У МЗС Беларусі падзяляюць заклапочанасць беларускіх дэпутатаў аб правядзенні польскімі нацыяналістамі праварадыкальнага маршу ў Гайнаўцы. Пра гэта на брыфінгу заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, піша Tut.by.

«Мы падзяляем гэтую заклапочанасць. Нагадаю, што кіраўнік бандфарміраванні Рамуальд Райс, больш вядомы пад псеўданімам Буры — вайсковы злачынца. І гэта не наша меркаванне, гэта меркаванне Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы, які канстатаваў, што дзеянні Бурага — гэта злачынства з прыкметамі генацыду», — адзначыў Дзмітрый Мірончык.

Ён нагадаў, што вынікам злачынства Райса сталі дзясяткі спаленых вёсак, сотні забітых і скалечаных мірных грамадзян, віна якіх была толькі ў тым, што што яны належалі да беларускага этнасу і былі праваслаўнага веравызнання.

«Цяпер пра марш. У Гайнаўцы большасць мясцовых жыхароў маюць беларускія карані. Жывыя нашчадкі тых, хто загінуў з-за Бурага. Ці трэба нам нагнятанне адносін паміж беларусамі і палякамі? Ці нам патрэбны гістарычны дыялог?», — задаўся рытарычным пытаннем афіцыйны прадстаўнік МЗС.

Дзмітрый Мірончык таксама выказаў сваё асабістае меркаванне па гэтым пытанні.

«У польскім нацыянальным пантэоне дастаткова герояў — рыцараў без страху і папроку. У ім не павінна быць месца ваенным злачынцам, у якіх рукі па локаць у крыві. Але вырашаць гэта — самім палякам», — падсумаваў прадстаўнік МЗС.

“Наша Ніва”