Менгарвыканкам адказаў наконт «дошкі БНР»: «Рашэньне пакуль не прынятае»

Назваць вуліцу Валадарскага ў гонар братоў Луцкевічаў гарадзкія ўлады адмовіліся, бо «ня экстраны» выпадак. Што з устаноўкай дошкі ў гонар 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР, незразумела: прычынаў такога доўгага разгляду ў адказе не называюць.


02-29989F73-0D43-4C0C-9818-18B24B876E0C_w1597_n_r0_s.jpg

Мікола Купава, архіўнае фота


Мастак Мікола Купава атрымаў адказ ад намесьніка старшыні Менгарвыканкаму Ігара Юркевіча наконт дзьвюх ініцыятываў, зьвязаных са 100-годзьдзем абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Як расказаў Купава Свабодзе, з дошкай «пакуль не прынятае рашэньня», але прычыны таго, чаму рашэньня няма, не называюцца.

Гарадзкія ўлады далі папярэднюю вусную згоду на ўстаноўку дошкі, вырабленай 25 гадоў таму, яшчэ 1 сакавіка, але канчатковай згоды няма дагэтуль. За кошт ахвяраваньняў (патрэбную суму сабралі за тры гадзіны) скульптар Ігар Засімовіч вырабіў новую дошку, бо старая прыйшла ў непрыдатны стан.

Мастацкая рада Менгарвыканкаму яшчэ ў красавіку зацьвердзіла вонкавы выгляд дошкі, аднак, насуперак ранейшым дамоўленасьцям, афіцыйнага рашэньня Менгарвыканкаму аб устаноўцы няма дагэтуль. Купава мяркуе, што «так можна цягнуць і год, і два», але давядзецца набрацца цярпеньня.


03-3D5184E0-55B0-4B8B-B6B0-EE1A797BB979_w1597_n_r0_s.jpg

Дошку зьбіраюцца ўсталяваць тут, на доме 9 па вуліцы Валадарскага, дзе 25 сакавіка 1918 году абвясьцілі незалежнасьць БНР


Раней Менгарвыканкам ужо парушыў закон, не адказаўшы на зварот адносна дошкі БНР цягам вызначанага тэрміну, але ці быў нехта пакараны за такое парушэньне, невядома.

Ідэю перайменаваць вуліцу Валадарскага ў гонар братоў Луцкевічаў, ідэолягаў адраджэньня беларускай дзяржаўнасьці, Менгарвыканкам адхіліў, бо такія перайменаваньні робяцца «толькі ў экстраных выпадках». Таксама гарадзкія ўлады спасылаюцца на тое, што нядаўна ўжо быў усталяваны мэмарыяльны знак у гонар братоў Луцкевічаў — у парку Купалы, на месцы, дзе стаяў іхны дом.

«Праспэкт Скарыны яны ў экстраным парадку перайменавалі, і ніякіх праблемаў у іх не было, — зьдзіўляецца Купава. — Мы будзем раіцца ў аргкамітэце, што далей рабіць. Я думаю, што гэта не адназначна і не канчаткова, гэта зь іхнага пункту гледжаньня адназначна. Застаецца ж вуліца тэрарыста Валадарскага! Дакладна будзем рэагаваць».

Купава сумняваецца, што адказы Менгарвыканкаму варта абскарджваць у судовым парадку, бо «ясна, на чыю карысьць будзе рашэньне», але абяцае: «У любым выпадку мы гэтага так не пакінем».

АА, “Радыё Свабода”


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение