Курапаты: На пытаньні, хто загадаў зносіць крыжы і куды іх павезьлі, адказаў няма

Куды падзеліся амаль 70 крыжоў, зьнесеных 4 красавіка ў Курапатах, і хто распарадзіўся дэмантаваць народны мэмарыял, прадстаўнікі ўладаў не адказваюць.

4 красавіка ў Курапатах дэмантавалі і вывезьлі 70 крыжоў (паводле інфармацыі Зьмітра Дашкевіча). 15 абаронцаў Курапат затрымала міліцыя, а сам мэмарыял ачапілі. Каля 12-й гадзіны дня пачалі ставіць мэталічную агароджу мэмарыялу, гэтым займаюцца будаўнікі з Заслаўя.

​Раніцай 4 красавіка намесьніца начальніка ўпраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Натальля Хвір паведаміла Свабодзе, што яна ня ў курсе таго, што адбываецца ў Курапатах. І параіла зьвярнуцца да ўласьніка — у Менскі райвыканкам і Бараўлянскі лясгас.

У Менскім райвыканкаме раніцай праходзіла нарада па Курапатах, паведаміла сакратарка аддзелу ідэалёгіі, культуры, спорту і працы з моладзьдзю. Загадчык аддзела Ўладзімер Шаплыка знаходзіўся на нарадзе, а пасьля яе хуценька паехаў разам з намесьніцай старшыні райвыканкаму Ірынай Ціхонькай нібыта ў Курапаты, паведамілі ў прыёмнай.

Дырэктар Бараўлянскага спэцыяльнага лясгасу Аляксандар Мірановіч знаходзіўся ў Курапатах, зьбег ад журналістаў і адмовіўся тлумачыць сытуацыю дэпутатцы Палаты прадстаўнікоў Ганне Канапацкай, накіраваўшы яе ў прэс-цэнтар Міністэрства лясной гаспадаркі.

Паказаць дакумэнты на работы Мірановіч таксама адмовіўся, хоць абавязаны, бо будаўнічыя работы без адпаведных дакумэнтаў незаконныя.

Інфармацыйнаму агенцтву БелТА Мірановіч патлумачыў, што «у Курапатах праходзяць плянавыя працы па добраўпарадкаваньні, дэмантуюцца агароджы, выдаляюцца незаконна ўсталяваныя збудаваньні».

Прэс-служба Міністэрства лясной гаспадаркі не адказвае ні на тэлефанаваньні, ні на пісьмовыя звароты.


Іна Студзінская, “Радыё Свабода”