Кастусёў папрасіў прэзыдэнцкую адміністрацыю не абысьці ўвагай 100-годзьдзе Слуцкага збройнага чыну

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў сустрэўся з намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Андрэем Кунцэвічам. Ён перадаў плян дзеяньняў на 2020 год, скіраваны на ўзмацненьне патрыятызму і беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці.

У камэнтары Свабодзе Рыгор Кастусёў адзначыў, што ўжо мае досьвед супрацы з прадстаўнікамі ўлады напярэдадні падрыхтоўкі да 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Таму разьлічвае на разуменьне чарговых ініцыятываў.

«У выніку доўгіх намаганьняў і шматлікіх паходаў ва ўладныя структуры многія імпрэзы адбыліся, — падкрэсьлівае ён. — Гэта ня толькі сьвяточны кацэрт ля Опэрнага тэатру, а і круглыя сталы, і канфэрэнцыя ў Акадэміі навук, і выстава ў гістарычным музэі, і памятны камень братоў Луцкевічаў. Хіба адзін заплянаваны пункт не быў даведзены да канца — гэта шыльда на доме па вуліцы Валадарскага, 9, дзе была абвешчаная Трэцяя ўстаўная грамата аб незалежнасьці БНР. Такім падыходам кіруюся і гэтым разам».

У адказ на пытаньне, ці падымалася перад прэзыдэнцкай адміністрацыяй тэма мэмарыяльнай дошкі, спадар Кастусёў сказаў, што з улікам абмежаванага часу ахапіць усе праблемы не ўдалося. Аднак прапановы перададзеныя ў пісьмовым выглядзе, пытаньне шыльды, якую ўлады абяцалі павесіць, але потым не дазволілі, пазначанае сярод першых.

«Наступны год — гэта 100-годзьдзе Слуцкага збройнага чыну, дата, якую нельга абысьці, — дзеліцца Рыгор Кастусёў бліжэйшымі плянамі. — Ёсьць ідэя шырока адзначыць падзею. Вядома, хацелася б, каб з боку ўладаў была падтрымка, што дазволіла б мець большы размах. Наколькі ўдасца — час пакажа, але, паўтаруся, досьвед супрацы ўжо ёсьць. Прынамсі, мне было сказана, што ўсе прапановы будуць уважліва вывучаныя і пра вынікі паведамлена пэрсанальна. Сама размова праходзіла ў станоўчым ключы, спадзяюся, што так і будзе».

Пры гэтым старшыня Партыі БНФ наракае, што ідэолягі ў прэзыдэнцкай адміністрацыі мяняюцца занадта часта, каб зразумець, наколькі яны шчырыя ў сваіх абяцаньнях. Аднак Андрэя Кунцэвіча ён ведае яшчэ па Магілёўшчыне, памятае яго як чалавека, адказнага за свой участак працы.

svaboda.org