«Каб не дэпутацтва, грошай зарабіла б у пяць разоў больш». Канапацкая і Анісім аб працы ў Палаце прадстаўнікоў

Ужо ў нядзелю 17 лістапада ў Беларусі выберуць новых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. А значыць, праца ў Авальнай залі скончыцца для дзьвюх апазыцыйных дэпутатак, Ганны Канапацкай і Алены Анісім. Сёлета яны зноў хацелі балятавацца ў парлямэнт, але абедзьвюх нават не зарэгістравалі ў якасьці кандыдатак.

Свабода папрасіла Канапацкую і Анісім падсумаваць іхную працу ў Палаце прадстаўнікоў.


Што ўсё ж удалося зрабіць?

Алена Анісім. Я лічу, што дзейнасьць была пасьпяховая. Чаму Лукашэнка ўвесь час кажа, што трэба ісьці да людзей і слухаць іх? Таму што ўлада адгарадзілася ад людзей і жыве паводле прынцыпу: «мы», кляса службоўцаў, чыноўнікаў, і «яны» — усе астатнія людзі, якія да іх прыходзяць з рознымі просьбамі. Часам чыноўнікі паводзяць сябе нават варожа да людзей.

Я дапамагла людзям з афармленьнем дакумэнтаў, з жыльлём. Маладой сям’і дапамагла пазбавіцца статусу сацыяльна небясьпечнай. У адным аграгарадку зрабілі пешаходны пераход, адзін дом вярнулі ў плян капітальнага рамонту.

Нарэшце беларуская мова вернецца ў заканадаўчую сфэру. Ужо два кодэксы — Аб шлюбе і сямʼі і Выбарчы — зацьверджаныя экспэртнай радай.

Ганна Канапацкая. Перш за ўсё заканатворчасць. Я прапанавала пакет заканадаўчых ініцыятыў па дэкрэце № 3 (дэкрэт пра дармаедзтва), зьмены ў Крымінальны кодэкс у частцы адмены лжэпрадпрымальніцтва, зьмяненьне Выбарчага кодэксу, папраўкі ў законапраекты, ініцыяваныя Саўмінам.

Палата прадстаўнікоў, у прынцыпе, стала больш адкрытай. І нават у журналістаў зьявілася крыніца інфармацыі. Я сваім прыкладам паказала, якім павінен быць рэальны дэпутат рэальнага парлямэнту, што ня страшна спрачацца з чыноўнікам нават самага высокага рангу.


Што б маглі зрабіць за гэтыя гады, калі б ня сталі дэпутатамі?

Ганна Канапацкая. Гісторыя ня мае ўмоўнага ладу. Але, напэўна, я зарабіла б у пяць, калі ня ў дзесяць разоў больш грошай. І ўсё роўна займалася б у тым ліку палітыкай. Можа быць, ня так актыўна, як цяпер.

Алена Анісім. Я больш актыўна працавала б у сфэры абароны правоў чалавека і беларускай мовы. Наўрад ці мне ўдалося б быць на міжнародным узроўні. Ня ведаю, ці ўдалося б нам паўплываць на тое, каб беларуская мова вярнулася ў заканадаўства, але як старшыня ТБМ я была б ня менш, а можа, і больш актыўнай, гэта факт.


Чаму беларускі парлямэнт не працуе і як яго зьмяніць?

Ганна Канапацкая. Больш за палову дэпутатаў сьвята вераць, што заробак ім плаціць прэзыдэнт. Яны не разумеюць, што калі ня будзе заўтра падаткаплатніка, пасьлязаўтра чыноўнікі ня будуць патрэбныя. Як толькі гэтае глябальнае разуменьне прыйдзе, нешта зьменіцца.

Адсутнічаюць незалежныя дэпутаты, рэальны парлямэнтарызм. Хто ў беларускай палаце сёньня не з сыстэмы, акрамя мяне? Адсутнасьць адвагі, жаданьня браць адказнасьць і адсутнасьць адказнасьці перад выбарнікамі; няма разуменьня таго, хто такі дэпутат. Яны не разумеюць, што на працу іх наймае беларускі народ.

Нават калі 17 лістапада пройдуць сумленныя выбары, праблемы ня вырашацца. Пры ўсёй павазе да тых людзей, якія ад апазыцыі ідуць у Палату прадстаўнікоў, яны да гэтага не гатовыя. Я прафэсійны юрыст, ведала ўсе праблемы бізнэсу, але я была не гатовая да працэдуры прыняцьця заканадаўчых актаў. Дэпутат — гэта праца, якой у нас нідзе ніхто не вучыць, нават досьведам ня дзеляцца.

Алена Анісім. У нашай краіне няма нармальнага палітычнага жыцьця. Усе гуляюць у нейкія гульні. А павінна быць абсалютна празрыста, каб працавалі партыі, нават калі іх будзе няшмат. Каб ішло змаганьне за Беларусь, за яе пэрспэктыву разьвіцьця. А то зараз, ня дай Бог, 8 сьнежня. І што? Пакуль не чуваць ніякіх галасоў, якім чынам мы будзем супрацьстаяць. На мае запыты Савет Міністраў у асобе Крутога (міністар эканомікі — РС) адказаў: не хвалюйцеся, ніякіх пагрозаў незалежнасьці не будзе. А што будзе, якія дамоўленасьці?

Каб штосьці зьмянілася, трэба, каб палітычныя партыі, грамадзкія абʼяднаньні падрыхтавалі ўсе законапраекты ці зьмены ў існыя законапраекты, якія лічаць неабходнымі, і, нягледзячы на тое, ёсьць сярод дэпутатаў прадстаўнікі апазыцыі ці няма, прасоўвалі іх. Кожны прадстаўнік у Палаце, хоча ён таго ці не, мусіць быць палітычна падкаваным і актыўным. Магчыма, калі зьявяцца адыёзныя фігуры ў парлямэнце, то трэба ініцыяваць працэдуру іх адкліканьня.


Ці не адчуваеце вы, што вас проста выкарысталі?

Алена Анісім. Усе мы выкарыстоўваем і сытуацыю, і людзей, якіх мы ведаем, у розных мэтах. Нас выкарыстоўваюць партыі, калі клічаць на грамадзкія акцыі. Калі нават улада і хацела выкарыстаць мяне ў нейкіх мэтах, то я скарысталася сваім дэпутацкім мандатам, каб зрабіць тое, што я лічу важным і патрэбным у грамадзкім жыцьці. Калі нехта лічыць, што я зрабіла нешта ня так, то гэта ягонае права. Я лічу, што зрабіла максымум таго, што магла.

Ні ў якім разе не шкадавала, не шкадую і ня буду шкадаваць, таму што гэта быў час інтэнсіўнай працы на беларушчыну.

Ганна Канапацкая. Нават калі ўлада хацела мяне выкарыстоўваць, я ёй гэтай магчымасьці не дала.

НБ, svaboda.org