Ігар Банцэр: Затрыманне і далейшыя дзеянні – суцэльныя правакацыі

Гарадзенскі актывіст і музыка Ігар Банцэр, якога прызналі палітзняволеным, трымаў сухую галадоўку 16 дзён, быў выпушчаны дадому пасля абвяшчэння прысуду 19 сакавіка 2021. Цягам апошняга тыдня Ігар лекаваўся і выходзіў з галадоўкі.

Пра свой стан распавядае Ігар Банцэр:

– Ментальна я ў добрым стане, бо быў падрыхтаваны ў першую чаргу ідэалагічна. Я маю на ўвазе ўсю гэтую сітуацыю – і сам арышт, і тое, што адбываецца ў краіне ў палітычным плане. Але датычна фізічных, фізіялагічных момантаў, тут ёсць пытанні. І з крывёй, напрыканцы тыдня буду здаваць наступны тэст на кроў. Ёсць пытанні з унутранымі органамі. 

Па словах Ігара Банцэра, сваё затрыманне і знаходжанне за кратамі ён лічыць суцэльнай правакацыяй:

– Увесь мой арышт – гэта адна суцэльная правакацыя КДБ, мне падабаецца ўсё ж КДБ называць КГБ, таму што адзіная дзяржава пасля Савецкага Саюза не змяніла гэтую структуру, не перафарматавала яе, – гэта Беларусь. І Камітэт дзяржаўнай бяспекі кіруе ўсімі палітычнымі справамі па ўсёй краіне. Я заўжды казаў, што гэтая справа палітычная… Калі гэта перформанс, як бы яго не ацэньваць, с пункту гледжання простага чалавека, які незнаёмы з сучасным мастацтвам.

Нагадаем, што суд Ленінскага раёну Гародні за вулічны перформанс вынес Ігару Банцэру прысуд: 1,5 года «хіміі». За кратамі Ігар правёў 5 месяцаў, цяпер Банцэр падаў апеляцыйную скаргу на абскарджанне рашэння суддзі Наталлі Козел.  Пра дату працэса ў абласным судзе Гародні пакуль невядома.

„Беларуске Радыё Рацыя“