Грэка-каталікі Беларусі назвалі блюзнерствам знос крыжоў у Курапатах

Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) блаславіў вернікаў, якія праз строгі пост 5 красавіка і малітвы ў бліжэйшыя дні «бачаць абавязак перапрасіць Бога за гэты блюзьнерчы акт зносу крыжоў у Курапатах».

Такую заяву апублікавала прэс-служба апостальскага візітатара.

У заяве асуджаецца знос крыжоў у Курапатах і падкрэсьліваецца, што «Курапаты гэта месца памяці пацярпелых людзей усіх нацыянальнасьцяў і рэлігій, месца болю для многіх беларускіх грамадзянаў, продкі якіх пацярпелі ад жахлівых і несправядлівых сталінскіх рэпрэсій».

Таксама грэка-каталікі выказалі салідарнасьць з заявай арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які заклікаў адказных за знос крыжоў «тэрмінова спыніць гэтыя дзеяньні і шляхам дыялёгу розных палітычных і грамадзкіх сіл з удзелам прадстаўнікоў розных веравызнаньняў распачаць працэс урэгуляваньня сытуацыі».

“Радыё Свабода“