Гомельцы згадалі Уладзіслава Ахроменку

У Гомелі згадалі свайго земляка, даследчыка сталінскіх рэпрэсій Уладзіслава Ахроменку.

На адмысловых занятках “Мова нанова” выступілі гомельцы, якія падзяліліся гісторыямі пра сваё знаёмства з пісьменнікам. Літаратар Югася Каляда распавяла пра тое, як Уладзіслаў Ахроменка правёў для яе экскурсію па родным горадзе.

– Мы сустрэліся ў Гомелі, быў пачатак года, зіма, вельмі цёмна. І мы абышлі, усе ногі абтапталі па горадзе, бо мы некалькі разоў наматалі колаў да Савецкай і ўздоўж. За адну гэтую сустрэчу ён мне столькі распавёў пра Гомель, што мне здаецца, што ўсе мае веды пра Гомель складаюцца з гэтых расповедаў.

Грамадскі дзеяч Андрэй Стрыжак заўважае, што з Уладзіславам Ахроменкам ён кантактаваў некалькі разоў у разгар украінскай Рэвалюцыі Годнасці.

– Уладзіслаў як чалавек, які, як вы бачыце, па ўсіх пытаннях меў даволі дакладную грамадзянскую пазіцыю, не мог застацца ў баку ад гэтых падзеяў. Ён актыўна ўдзельнічаў у Майдане, быў актывістам грамадскай абароны Майдана. Атрымаў пасля таго, як Майдан скончыўся, нават узнагароду за гэта.

Пісьменнік і супрацоўнік Беларускага Радыё Рацыя Уладзіслаў Ахроменка сышоў з жыцця ў выніку раптоўнай хваробы 9 лістапада. Пахавалі літаратара ў Менску на Заходніх могілках.

“Беларускае Радыё Рацыя”