Генадзь Сагановіч абараніў доктарскую

30 мая рада Гістарычнага інстытута Варшаўскага ўніверсітэта зацвердзіла Генадзю Сагановічу ступень доктара габілітаванага ў галіне гуманітарных навук па спецыяльнасці гісторыя. Гэта аналаг ступені доктара гістарычных навук у беларускай сістэме.

Для гэтай ступені асобнай дысертацыі ў еўрапейскіх універсітэтах не патрабуецца. За падставу абароны бярэцца габілітацыйная манаграфія і ўвесь навуковы даробак. У выпадку Генадзя Сагановіча манаграфіяй была ягоная кніга «Грунвальд у беларускай гісторыі. Спроба разбору палітычнага міфа».

57-гадовы ўраджэнец вёскі Турная пад Івацэвічамі Генадзь Сагановіч — выдатны беларускі гісторык. Ён аўтар папулярнай кнігі «Невядомая вайна» і суаўтар «Дзесяці вякоў беларускай гісторыі», заснавальнік альманаха «Беларускі гістарычны агляд». У 2005 годзе яго звольнілі з Акадэміі навук Беларусі нібыта за «парушэнне працоўнай дысцыпліны» ў часе чысткі навуковых апанентаў тагачаснай афіцыйнай ідэалогіі.

“Наша Ніва”