Ганна Шапуцька: Мы, як курапацкія крыжы, баронім памяць закатаваных

Вось ужо амаль год, як грамадскія актывісты штодня выстаўляюць пікет каля забаўляльнай рэстарацыі “Поедем поедим” побач з месцам масавага пахавання ахвяраў камуністычных рэпрэсій пад Менскам.

Кажа Ганна Шапуцька – каардынатарка Ініцыятывы “За ўратаванне мемарыяла Курапаты”: 

– На мой погляд – гэта першы рубеж абароны мемарыялу Курапаты. Стоячы тут, мы такім чынам паказваем, што не дазваляем дзяржаве, не дазваляем гэтым бізнесоўцам здзекавацца з курапацкіх ахвяр. Мы, стоячы на курапацкай варце і пратэстуючы супраць працы гэтай рэстарацыі, растлумачваем людзям, што сюды нельга ездзіць. І, сапраўды, ужо нашмат меньш сюды ездзяць. Мы проста сваёй прысутнасцю, як тыя ж крыжы, як курапацкія крыжы там, так мы – тут, баронім памяць закатаваных.

Курапацкая варта адбываецца цягам году штодня, дні дзяжурстваў збольшага каардынуюцца паміж палітычнымі партыямі і рухамі. Увечары праходзіць шматканфесійная малітва на Курапацкай Галгофе.

Максім Каўняровіч, “Беларускае Радыё Рацыя”