Галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Марціновіча сілавікі пабілі пры затрыманьні

Галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча білі пры затрыманьні, ад чаго ён атрымаў траўму галавы.

Пра гэта паведаміў ТГ-канал выданьня. Сайт «Нашай нівы» па-ранейшаму заблякаваны.

Пасьля ператрусаў у офісе і дома Ягора Марціновіча павезьлі ў Сьледчы камітэт на допыт, дзе яму выклікалі хуткую дапамогу. Як паведаміла прэс-служба СК, Марціновічу аказалі мэдыцынскую дапамогу.

Мінулую ноч Ягор Марціновіч правёў у ізалятары на Акрэсьціна, ён кажа, што адчувае сябе лепей. 9 ліпеня раніцай яго ўпершыню пакармілі, а затрымалі ўчора, каля 10 гадзін раніцы. Яму і іншым вязьням у камэры нея выдалі матрацаў і бялізны.



Ягора Марціновіча затрымалі на 72 гадзіны як падазраваны паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або ўдзел у іх). Таксама ў ІЧУ на Акрэсьціна ў такім жа статусе знаходзяцца галоўны рэдактар часопіса «Наша гісторыя» Андрэй Дынько, кіраўнік аддзела рэклямы і маркетынгу Андрэй Скурко, галоўны бухгалтар Вольга Раковіч.

Андрэй Скурко хворы на цукровы дыябэт, інсуліназалежны, яму дазволілі ўзяць лекі з разьлікам на трое сутак.

Мінімум 14 прадстаўнікоў мэдыясфэры і грамадзкіх актывістаў затрымалі 8 ліпеня па ўсёй Беларусі. Пра гэта сьведчаць дадзеныя праваабаронцаў.

Ператрусы ў журналістаў працягваюцца і 9 ліпеня. Па стане на 13:30 вядома, што 9 ліпеня сілавікі прыйшлі да супрацоўнікаў 7 рэдакцый менскіх і рэгіянальных незалежных СМІ.

svaboda.org