Фільм Андрэя Куцілы перамог на адным з самых прэстыжных фестываляў у свеце

Фільм «Сума» («Summa») беларускага рэжысёра прызналі найлепшай сярэднеметражнай стужкай на фестывалі дакументальнага кіно IDFA ў Амстэрдаме.

Узнагароджанне пераможцаў прайшло 21 лістапада. Стужка здымалася пры дапамозе «Белсату». На фестывалі адбылася яе сусветная прэм’ера.

Рэжысёр фільму Андрэй Куціла спадзяецца, што ў хуткім часе зможа паказаць яго і ў Беларусі.

«Сума» – гэта гісторыя сяброўства паміж сталым польскім мастаком Анджэем Струмілам і маладой беларускай мастачкай Марыяй. Беларусы любяць узгадваць Вялікае княства Літоўскае як адзін з найлепшых перыядаў сваёй гісторыі. «Наша агульная антычнасць» – так называе эпоху ВКЛ Анджэй Струміла – легендарны чалавек, які жыве ў вёсачцы на паўночным усходзе Польшчы.

Дзялянка, на якой стаіць ягоны дом, нагадвае выспу: з трох бакоў яе атачаюць непраходныя балоты і рэчка Чорная Ганча. Пан Анджэй мае два галоўных захапленні ў жыцці: жывапіс і гадаванне арабскіх коней. Ён мала спіць, бо лічыць, што часу засталося няшмат: яму амаль 90 гадоў. І пасля смерці жонкі яму вельмі самотна.


03-summa-Andreya-Kutsily.jpg

Кадр з фільму Андрэя Куцілы «Сума» («Summa»)


Нібыта ў паралельным свеце існуе Марыя. Дзяўчына з ранняга дзяцінства жыве на ўскраіне Менску ў спальным мікрараёне. Мужа ды іншых стандартных складнікаў «жаночага шчасця» ёй не дастаткова. Марыю прыцягваюць дзівосныя таямніцы жыцця, якія хаваюцца ў свеце пана Анджэя з ягонай мастацкай галерэяй, стайнямі, ракою і векавымі дрэвамі. Дзяўчына ўцякае туды без аглядкі, пакідаючы ў Менску мужа, які нават не ведае, калі яна вернецца.

ІА, ДР, “Белсат”