Фэнтэзі з Багдановічам і Дударом: Кацярына Ваданосава выдала новы альбом

Менская сьпявачка і мультыінструмэнталістка Кацярына Ваданосава выдала з Fantasy Orchestra другі альбом — «Стрэчаньне». Яго ўжо можна бясплатна паслухаць у сацсетках або набыць на Bandcamp.

Першы альбом Ваданосавай, «Міфатворчасьць», выйшаў роўна за тры гады да новага.

Як і на папярэдняй кружэлцы, у «Стрэчаньні» Ваданосава камбінуе фольк-музыку з сучаснымі і фэнтэзійнымі матывамі. Але калі папярэдні быў акустычным, у новым зьявіліся электрычныя інструмэнты.

Палова песень напісаныя на словы самой сьпявачкі. Але «Белы сад» — верш расстралянага паэта Алеся Дудара, «Зьмяіны цар» — Максіма Багдановіча, «Ногі» — Уладзімера Караткевіча, а яшчэ дзьве песьні, «Дом» і «Край», на вершы сучаснай паэткі і бард-сьпявачкі Ірыны Лой (музыку яны пісалі разам з Ваданосавай).

Сьпявачка папярэдне мяркуе зладзіць прэзэнтацыю альбому ў Менску 12 сьнежня.

svaboda.org