«Дзеля Айчыны, навукі і дабрачыннасьці». 10 фактаў з гісторыі філяматаў да 200-годзьдзя заснаваньня таварыства

200 гадоў таму ў Віленскім унівэрсытэце паўстала Таварыства філяматаў. Студэнцкі гурток, які праіснаваў шэсьць гадоў, адыграў значную ролю ў фармаваньні беларускае нацыі.

Філяматы прапанавалі ідэалёгію адбудовы літоўска-русінскага краю на падставе адзінства мовы, паходжаньня і тэрыторыі. Яны вывучалі фальклёр, міталёгію і празь іх пазнавалі народ. Маладыя асьветнікі імкнуліся сыстэмна і пасьлядоўна вывучыць архаічную народную культуру. На іхных ідэях гадаваліся таленты Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ды Францішка Багушэвіча, якія нібыта «раптам» пачалі пісаць творы па-беларуску.

Юбілей філяматаў шырока не адзначаецца ў Беларусі. Пра яго згадваюць у навуковым асяродзьдзі ды на імпрэзах рупліўцаў беларускай даўніны.

02-2BA8979E-568B-4DE7-B0A8-3103C27C8F34_w650_r0_s.jpg

Віталь Еўмянкоў

Днямі магілёўскія ТБМаўцы ўспаміналі пра філяматаў на сваім гуртку, які правёў кандыдат філялягічных навук, выкладчык унівэрсытэту імя Куляшова Віталь Еўмянкоў.

Навуковец дасьледуе ўсё, што зьвязана з Рэччу Паспалітай: гісторыю, культуру, літаратуру. Свабода прапануе цікавыя факты з аповеду Віталя Еўмянкова пра студэнцкае таварыства XІX стагодзьдзя.

Хто такія філяматы?

Таварыства заснавалі студэнты Віленскага ўнівэрсытэту, шляхта паводле паходжаньня. Сябрамі таемнага гуртка былі 18 студэнтаў.

03-24E54004-8E32-403D-8E67-FF4EFB45AE92_w650_r0_s.jpg

Сьпіс сяброў Таварыства філяматаў

Сярод іх — будучы дасьледнік прыроды, літаратар, музэязнаўца, геоляг Тамаш Зан, якога называюць ідэолягам таварыства. Кіраўніком гуртка быў будучы філёзаф ды філёляг Юзаф Яжоўскі. Сябрам таварыства быў паэт, публіцыст, асьветнік Адам Міцкевіч, які ў драматычным творы «Дзяды» апісаў гісторыю філяматаў. Сябрамі таварыства былі таксама паэт, фальклярыст, этнограф і драматург Ян Чачот, паэт Ануфры Петрашкевіч, які захоўваў архіў. Часткова гэты архіў выдала ў 1912 годзе ягоная ўнучка Станіслава Петрашкевіч (Dzieje Filomatów, Kraków, 1912).

Чаму студэнты вырашылі аб’яднацца ў таварыства?

Дэвіз філяматаў: «Праца дзеля Айчыны, навукі і дабрачыннасьці».

Падзел Рэчы Паспалітай балюча адгукнуўся ў душах і творчасьці маладых людзей, якія нарадзіліся ўжо па зьнікненьні краіны, але ведалі пра яе ад сваіх бацькоў. Яны былі спадкаемцамі асьветніцкага XVІІІ стагодзьдзя.

04-6D7B0412-515F-4388-8E63-DD337942E275_w650_r0_s.jpg

Рэч Паспалітую і Вялікае Княства Літоўскае падзялілі Расея, Прусія, Аўстрыя

Філяматы займаліся тэмамі культуры, духоўнасьці, літаратуры, але карысталіся імі, каб вярнуцца ў вялікую эўрапейскую прастору. Літаратура, культура, годнасьць разглядалася гурткоўцамі як спосаб нацыянальнага захаваньня дзеля далейшага змаганьня за аднаўленьне дзяржаўнасьці краіны. Іхная ідэалёгія была абсалютна варожая царызму.

Улан ВКЛ быў увасабленьньнем патрыятызму

Менавіта жаўнеры Вялікага Княства Літоўскага, якія ўдзельнічалі ў складзе корпусу Юзафа Панятоўскага разам з французамі ў бітве пры Барадзіне, у штурме Смаленску, зрабіліся героямі і ўзорам патрыятызму для філяматаў. Паводле іхных уяўленьняў, жаўнеры Панятоўскага ахвяравалі ўласным жыцьцём дзеля Айчыны. Яны заяўлялі, што для іх няма нічога сьвятога, апроч Айчыны і Бога.

Пачатак гісторыі філяматаў

1 красавіка 1817 году адбылося першае пасяджэньне Таварыства філяматаў. На ўсім працягу дзейнасьці гурток зьбіраўся на кватэры Тамаша Зана ці Яна Чачота. На кожным пасяджэньні кожны з прысутных меўся прэзэнтаваць новы навуковы праект, дасьледаваньне, мастацкі твор.

05-CC47DB57-8F17-49FA-B10F-C34A7F0C2BC2_w650_r0_s.jpg

Шыльда ў памяць пра аднаго зь філяматаў — Адама Міцкевіча. Надпісу па-беларуску няма

Філяматы заяўлялі, што яны працуюць ня дзеля ўласнага ўзбагачэньня, а дзеля будучыні радзімы. Філяматам забаранялася наведваць корчмы, балі. Філямат мусіў паводзіць сябе годна. Яны былі прадстаўнікамі шляхты старажытных родаў. Яна яшчэ захоўвала культуру старой Рэчы Паспалітай, якую тагачасная моладзь паволі страчвала.

Мэта дзейнасьці філяматаў

Дэклярацыйную мэту таварыства ўдалося сфармуляваць з рукапісаў Тамаша Зана і Юзафа Яжоўскага.

Гучыць яна так: «Пашырэньне сярод моладзі схільнасьці да навукі, паляпшэньня нораваў, выхаваньне патрыятычных [стасоўна Рэчы Паспалітай] пачуцьцяў на грунце славянскай культуры (адмаўляючы сьляпое насьледаваньне замежным узорам і вывучаючы славянскі фальклёр, міталёгію, гісторыю), вяртаньня да хрысьціянства як асновы маральнага жыцьця».

06-C57D6350-B2EB-4F9E-B818-FD9A44A7DC2E_w650_r0_s.jpg

Тамаш Зан, «ідэоляг» філяматаў

Пад «славянскай культурай» мелася на ўвазе архаічная беларуская народная культура, бо яна панавала ў родным краі філяматаў. Ён быў заселены этнічнымі славянамі, якіх у ХІХ стагодзьдзі яшчэ называлі русінамі ды літвінамі. Філяматы гаварылі пераважна так званай «пальшчызьнай крэсовай» (беларуска-польскай трасянкай).

Таварыства філярэтаў

У 1820 годзе Таварыства філяматаў стварае сваю філію — Таварыства філярэтаў. Зроблена гэта было дзеля пашырэньня ўплыву філяматаў. Таварыства філярэтаў было больш масавым. Яго сябрамі былі 135 студэнтаў. Філярэты мелі свае суполкі на ўсёй тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага. Яны ставілі за мэту ўзаемадапамогу і самаўдасканаленьне.

07-D120A060-AAA2-4940-9744-79826F3A5D29_w650_r0_s.jpg

Шыльда ў Вільні ў памяць пра яшчэ аднаго філямата — Ігната Дамейкі

Зьвесткі пра колькасьць філяматаў і філярэтаў адноўленыя з матэрыялаў паліцыі, сьледзтва і суду. Сябры таварыстваў адседзелі ў Базылянскіх мурах Вільні.

Нагода для перасьледу гурткоўцаў

У 1823 году навучэнцы віленскай гімназіі напісалі на дошцы «Няхай жыве Канстытуцыя 3 траўня». Такім чынам 12-гадовыя гімназісты вырашылі адзначыць угодкі асноўнага закону Рэчы Паспалітай, зацьверджанага 3 траўня 1791 году. На надпіс зьвярнуў увагу настаўнік расейскай мовы, расеец, і далажыў кіраўніцтву гімназіі. Інцыдэнт пастараліся «замяць». Некалькіх гімназістаў пасадзілі пад хатні арышт на тыдзень.

Граф Навасільцаў і перасьлед філяматаў

Фаварыт Аляксандра Першага Мікалай Навасільцаў, які пазьней атрымаў тытул графа, меў рэпутацыю карупцыянэра і прыехаў у Літву, каб выслужыцца перад царом.

08-394BE9AC-0166-4AD1-8928-54E401D6CEDD_w650_r0_s.jpg

Мікалай Навасільцаў

Па прыезьдзе Навасільцава ў Вільню на сьценах пачалі зьяўляцца надпісы кшталту тых, што былі ў гімназіі. Сталі высьвятляць, хто мог зрабіў тыя надпісы, і ўсплыла гісторыя з гімназістамі. З ініцыятывы Навасільцава пачалося расьсьледаваньне.

Гімназістаў арыштавалі. 12-гадовых хлопцаў трымалі ў кайданах, не дазвалялі сустрэчы з бацькамі. Адзін зь іх на допыце сказаў, што чуў, што ва ўнівэрсытэце ёсьць тайнае таварыства. Так выйшлі на філяматаў. Арыштавалі ўсіх сяброў таварыства, была распачатая крымінальная справа.

Паказальны перасьлед філяматаў

У 1823 годзе філяматаў як адзінага таварыства ўжо не было. Адчуўшы пагрозу перасьледу, гурткоўцы яго распусьцілі. Пагатоў студэнты па сканчэньні ўнівэрсытэту разьехаліся па краі.

Навасільцаву варта было філяматаў «рэанімаваць», каб зрабіць паказальнае катаваньне інтэлектуальнага асяродзьдзя літоўска-русінскіх правінцыяў. Судзілі былых студэнтаў і сяброў таварыства вайсковымі трыбуналамі, на якіх магчымасьці абараніцца не было.

09-4775EFE8-35FC-4B6B-A38F-9B8622F77547_w650_r0_s.jpg

Сьпіс арыштаваных філярэтаў

Дасьледнікі лічаць, што надпісы на сьценах у Вільні былі зробленыя наўмысна, каб распачаць перасьлед студэнтаў.

Паводле Адама Міцкевіча, палітыка Аляксандра І, што не прымала праяваў свабоды, у 1822 годзе пачала перасьлед і ўціск усяго «польскага роду», якія штораз рабіліся ўсё больш гвалтоўнымі і крывавымі. Менавіта тады выйшаў на сцэну сэнатар Навасільцаў. Ён інстынктыўную і зьвярыную нянавісьць расейскага ўраду «да палякаў» прыняў як выратавальную для сябе палітыку. Адам Міцкевіч казаў пра Навасільцава, што ён «надзвычайная паскуда».

Віленскі ўнівэрсытэт — гнезьдзішча філяматаў

Віленскі ўнівэрсытэт — найбольшая і найаўтарытэтнейшая ў Расейскай імпэрыі навучальная ўстанова. Яе стварылі згодна з указам самаўладцы Аляксандра І у 1803 годзе. Тады прадстаўнік роду Раманавых пазыцыянаваў сябе як лібэрал і дэмакрат. Пры ім дзейнічаў камітэт, у які ўваходзіў літвін — магнат Адам Чартарыйскі. Ён уклаў у вушы Аляксандру І ідэю навучаньня моладзі на Літве, разьвіцьця навукі, літаратуры і прыгожых мастацтваў.

Унівэрсытэт паўстаў на глебе навуковых традыцыяў Віленскай езуіцкай акадэміі. У езуітаў была найлепшая у Эўропе абсэрваторыя, вялікая бібліятэка. У ёй захоўваліся ў тым ліку старадрукі на беларускай мове. Ва ўнівэрсытэце выкладалі самыя лепшыя пэдагагічныя кадры.

У 1832 годзе неўзабаве, пасьля задушэньня Варшаўскага паўстаньня, Віленскі ўнівэрсытэт закрылі.

АБ, “Радыё Свабода”


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение