Дыпламатыя БНР: навошта яны туды-сюды ездзілі?

Гісторыя БНР 1918–1920-х – гэта шмат у чым гісторыя вандровак яе лідараў: Берлін, Варшава, Парыж, Прага, Коўна і г.д. Часам нават складаецца ўражанне, што часу за мяжой яны праводзілі нашмат больш, чым на Радзіме. Чаму так? Навошта? І ці мелі тыя раз’езды нейкі плён?

Асноўнымі задачамі кожнай дыпламатычнай структуры, калі казаць пра рэспублікі, утвораныя на руінах Расійскай імперыі, былі падобнымі. Гэта:

  • заявіць пра сябе на міжнародным узроўні;
  • дамагчыся прызнання сваёй дзяржавы;
  • атрымаць вайсковую і грашовую дапамогу;
  • сабраць на сваю тэрыторыю як мага больш суайчыннікаў, якія апынуліся за мяжой.

Айцы БНР пайшлі тым жа шляхам. Не варта забывацца, што ўсё гэта адбывалася на фоне вайны, якая заканчвалася альбо акурат скончылася. То бок новыя дзяржаўныя межы толькі ўсталёўваліся, агромністая колькасць палонных і бежанцаў перабывала далёка ад свайго дому. З гэтай прычыны стварэнне ўсялякіх прадстаўніцтваў, якія вырашалі пытанні народаў і этнічных групаў за мяжой, – справа папулярная.

Кансулят і дыпмісія: не блытаць!

Прадстаўніцтвы БНР можна ўмоўна падзяліць на дзве катэгорыі. Гэта:

  1. кансуляты;
  2. дыпламатычныя місіі.

Кансулятаў было безліч: у Рызе, Таліне, Стамбуле, Хельсінкі, Празе, Капенгагене і інш. Такое прадстаўніцтва найчасцей складалася толькі з консульскага аддзела, дзе заблукалы беларус, экс-палонны ці бежанец мог атрымаць пашпарт БНР альбо якую-кольвек даведку. Наіўна думаць, што кансуляты БНР маглі вырашаць нейкія сур’ёзныя палітычныя пытанні.

Дыпламатычныя місіі ўжо значна цікавейшыя: шматузроўневая структура з прэс-бюро, вайсковым аддзелам і, напрыклад, аддзелам па справах палонных. Прэс-бюро займалася выданнем бюлетэняў на розных мовах для інфармавання замежнікаў пра беларускія справы. Вайсковы аддзел – арганізацыяй вайсковай супрацы. Аддзел па справах палонных  – вяртаннем палонных беларускай нацыянальнасці на Бацькаўшчыну.

Вярнуць на Радзіму і выдаць зброю

Першая дыпмісія БНР адкрылася ў Кіеве ў красавіку 1918-га, кіраваў ёй Аляксандр Цвікевіч. Супраца з украінцамі для беларусаў была ў прыярытэце. Украінцам, відаць, таксама быў цікавы паўночны кірунак: інакш урад БНР наўрад ці атрымаў бы крэдыт на стварэнне войска. Сумны лёс тых грошай – ужо іншае пытанне…

Аддзел па справах палонных пры місіі БНР у Берліне, якім кіраваў Леанард Заяц, меў багата працы. Заяц займаўся пытаннем аб вяртанні беларусаў, што служылі “цару-бацюшку” і трапілі ў палон падчас Першай сусветнай. У ідэале іх варта было не проста вярнуць на Радзіму, але і выдаць зброю ды ўключыць у склад войска БНР. На жаль, прыгожая ідэя засталася адно праектам.

Місія існавала таксама ў Парыжы, дзе ў 1919-м праходзіла Версальская мірная канферэнцыя, на якой вызначалася структура паваеннага свету. У тым жа годзе актыўна працавала місія ў Варшаве: Луцкевіч там спрабаваў дамовіцца з палякамі. Вайскова-дыпламатычная місія ў Рызе вядомая найперш дамовай яе кіраўніка Кастуся Езавітава з генералам Булак-Балаховічам, які вырашыў пайсці на службу БНР.

Грашовыя авантуры, Чырвоны Крыж і маркі Балаховіча

Ці вырашаліся місіямі хоць нейкія эканамічныя пытанні, скажам, гандлёвыя? Так, але гэта не быў гандаль збожжам альбо буйныя прамысловыя дамовы: БНР, тэрыторыя якой найчасцей нагадвала абстракцыю, не магла сабе такога дазволіць. Тут хутчэй можна казаць пра спробы заняцца бізнесам і яўныя фінансавыя авантуры з продажам дапамогі Чырвонага Крыжа, спекулятыўнымі аперацыямі і інш. Купіць танней, прадаць даражэй – гэта таксама праца для місіяў БНР, інакш як забяспечыць сваё існаванне?

Тут варта яшчэ раз згадаць Езавітава і яго авантуру з маркамі “Асобнага атраду БНР”, як называлася на той момант злучэнне Балаховіча. Ідэя была ў тым, каб надрукаваць маркі, дамовіцца з латышамі, што маркамі можна аплачваць паштовыя паслугі па ўсёй краіне, і “падняцца” на гэтай тэме. З аднаго боку – авантура, з іншага – а ці быў выбар у Езавітава і Балаховіча, якія так і не дачакаліся грашовай дапамогі ад Рады БНР? Салдатаў трэба было нечым карміць.

Навошта туркам БНР?

Да 1921 года фактычна ўсе місіі былі закрытыя. Часцяком ініцыятарамі выступалі бальшавікі. Як толькі краіна наладжвала дыпстасункі з Савецкай Расіяй, тая ставіла ўмову: “Хочаце наша прадстаўніцтва – разганяйце прадстаўніцтвы “самаабвешчаных” рэспублік”. Найдаўжэй пражылі місіі БНР у Празе, Коўне і Берліне, вакол якіх пасля склаліся моцныя дыяспарныя беларускія цэнтры ў міжваенны час.

Гісторыкі дагэтуль дыскутуюць, хто прызнаў БНР, хто не, а таксама ці быў факт існавання місіі фактычным прызнаннем рэспублікі. Усё ж такі адзіным маркерам прызнання БНР дэ-факта была супраца, рэшта – усяго толькі акт ветлівасці ці абыякавасці. Тым жа ўкраінцам ці літоўцам БНР была цікавая, з ёй спрабавалі працаваць. А вось туркам, датчанам альбо чэхам было яўна не да гэтага.

Цікава таксама, што аднаго-адзінага чалавека ў БНР, які быў адказны за ўсе дыпламатычныя сувязі, накшталт міністра МЗС, прыгадаць цяжка. Па сутнасці, большасць лідараў БНР прайшла праз дыпламатычную працу, прадстаўляючы БНР за мяжой, спрабуючы знайсці там грошы, дамовіцца аб вайсковай дапамозе, межах, нешта набыць-прадаць ды інш. Пазней, на этапе выгнання, дыпламатычная і дыяспарная праца наогул стала іх асноўным заняткам.

Мокрая ануча і амерыканскі дыпламат

Ці быў сэнс ва ўсім гэтым? Магчыма, варта было больш часу прысвячаць працы ў Беларусі, а не ездзіць па чужых сталіцах, калі за тваімі плячыма… няма нічога. Тут, зноў жа, два моманты. Калі б не ездзілі, магчыма, было б яшчэ горш. Беларуская карта тады б не тое каб не перамагла – пра яе проста ніхто б не даведаўся. Балаховіча, дарэчы, таксама не было б, а ў гісторыю “бацька” ўвайшоў бы як “рускі белы генерал польска-беларускага паходжання”.

З іншага боку, вельмі часта тыя шанцы, якія БНР атрымлівала праз дыпламатычную супрацу, проста “зліваліся”. Так было з Балаховічам, які, не дачакаўшыся грошай ад Рады БНР, пайшоў да палякаў. Так было з украінскім крэдытам “на войска”, які то знікаў, то знаходзіўся, а ўрэшце трапіў у рукі літоўцаў.

Так было з беларуска-амерыканскай супрацай. Гэта гісторыя таго, як жонка аднаго з урадоўцаў БНР, здаецца, у Празе выгнала прадстаўніка ЗША з дому анучай. Чаму? Бо калі амерыканец прыйшоў да яе мужа, яна толькі што памыла падлогу… і не разумела ні слова па-ангельску. А мужа не было дома… Так стасункі БНР і ЗША “зайшлі ў тупік”: амерыканец больш не вярнуўся.

Алесь Кіркевіч, “Будзьма беларусамі!”


Тэгі: БНР