Дэпутат: Уладам патрэбны Дзень Волі. Ні адмены, ні чорных спісаў не будзе

Дазвол на святкаванне Дня Волі ў цэнтры Мінска сталічныя ўлады не анулююць і ніякіх “чорных спісаў” музыкантаў з ліку ўдзельнікаў канцэрта ля Опернага тэатра не будзе. Бо ўлада сама зацікаўленая ў тым, каб годна адсвяткаваць стагоддзе Беларускай Народнай Рэспублікі. Пра гэта ў жывым эфіры Еўрарадыё заявіў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Валерый Варанецкі.

Валерый Варанецкі: “Я ўпэўнены, што такога не можа быць. Тыя, хто лічыць, што дазвол быў атрыманы, дзякуючы таму, што апазіцыя даціснула ўладу, моцна памыляюцца. Бо ўлада сама зацікаўленая ў тым, каб было стабільнае развіццё, каб умацаваць грамадства, нацыянальную самасвядомасць і гэтак далей. Проста вельмі важна, каб і другі бок разумеў, што ніякія правакацыі не патрэбныя. Сёння трэба думаць пра краіну, дзяржаву, пра будучыню нашу, а не пра рэалізацыю сваіх бягучых амбіцый. Менавіта таму я ўпэўнены, што ўлады маюць самыя сур’ёзныя намеры. Што гэты дзень для нас, свята ці пратэстная акцыя? Калі мы кажам, што гэта свята, а мы кажам, што гэта свята, то давайце святкаваць!”

Па словах Валерыя Варанецкага, улады разумеюць, што сёння вельмі важным элементам бяспекі дзяржавы з’яўляецца кансалідацыя нацыі. А кансалідаваць і аб’ядноўваць нацыю можна толькі на сваёй нацыянальнай гісторыі, сваіх нацыянальных традыцыях. Адным з такіх кансалідуючых беларусаў фактаў з’яўляецца 25 сакавіка 1918 года. Гэта ўлады не толькі ўсвядомілі, але і прынялі як факт. Тым не менш, кажа дэпутат, пакуль казаць пра магчымасць прызнання Дня Волі ў якасці дзяржаўнага свята зарана.

Зміцер Лукашук, euroradio.fm


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение