Даследванне рэпрэсій неабходна, каб людзі перасталі рамантызаваць савецкую дзяржаву

У Мінску ўпершыню за 20 год прайшла міжнародная канферэнцыя, прысвечаная злачынствам Вялікага тэрору.

17–18 лістапада ў Мінску праходзіла міжнародная канферэнцыя “Масавыя рэпрэсіі ў СССР у гістарычных даследаваннях і калектыўнай памяці”, якая стала нагодай для дыскусіі паміж даследчыкамі з Беларусі, Украіны, Расіі і Польшчы. Усе гэтыя краіны так ці іначай зведалі жахі савецкай рэпрэсіўнай машыны, якая, паводле ацэнак незалежных гісторыкаў, знішчыла ў ГУЛАГу каля 15 млн жыццяў, і яшчэ каля 7 млн назаўжды пакінула ў расстрэльных ямінах. Цяпер, праз 100 гадоў пасля прыходу да ўлады бальшавікоў і праз 80 гадоў пасля пачатку Вялікога тэрору, кожная з іх прайшла сваю адлегласць у даследванні гэтай тэмы, і навукоўцам, без сумневу, было што абмеркаваць.

Як зазначыў на адкрыцці канферэнцыі дырэктар Польскага інстытута ў Мінску Матэвуш Адамскі, “раны, якія пакінулі па сабе гэтя злачынствы, да сённяшняга дня не загаіліся і накладаюць цень на гістарычную памяць народа. Наш абавязак перад ахвярамі – памяць, а перад навукай і будучыняй нашых дзяцей – праўда”.

Пра феномен памяці казала і каардынатарка Лятучага ўніверсітэту, які таксама спрычыніўся да арганізацыі форума, Таццяна Вадалажская.

“Для мяне стаўленне да такіх трагічных момантаў – знак даросласці грамадства, магчымасці паглядзець на сябе, зразумець свае хібы і траўмы. Беларусь у гэтым сэнсе патроху ўздымаецца. Важна, што мы абмяркоўваем не толькі гісторыю, але і памяць – гэта больш шырокая рэч у кантэксце развіцця грамадства і культуры”, – пераканана яна.

Кандыдат філасофскіх навук з Мінска Таццяна Процька лічыць рэпрэсіі неад’емнай часткай савецкай дзяржаўнай машыны. Дый сёння, на яе думку, у Беларусі мы маем класічную савецкую дзяржаву з нязначнымі зменамі. Апошнія даследванні сведчаць, што сёння многія беларусы атаясамліваюць сябе з савецкімі людзьмі. Многія рамантызуюць тыя часы, нягледзячы на тое, што рэпрэсіі – актуальная праблема і ў сённяшняй Беларусі.

Працуючы з архівамі, даследчыца пераканалася: “рэпрэсіі – не ёсць нейкі “вывіх” развіцця савецкай дзяржаўнасці, гэта неад’емная яе частка. Без рэпрэсій сістэма можа існаваць, але яна не развіваецца”.

Таццяна Процька звярнула ўвагу, што савецкая дзяржава выкарыстоўвала не толькі палітычныя рэпрэсіі, але і многія іншыя. Напрыклад, эканамічныя: людзі падпадалі пад іх за невыкананне планаў, “шкодніцтва”, “спекуляцыю”, “дармаедства”. Да 1940 года 8 млн чалавек прайшлі праз прымусовыя працы ГУЛАГа – і гэта “дасягненне” сталінскай эпохі не можа не выклікаць паралеляў з цяперашнім сумнавядомым дэкрэтам №3. Таксама былі і рэлігійныя рэпрэсіі, прычым праблемы праз свае рэлігійныя перакананні мелі не толькі святары розных канфесій, але і вернікі. Былі рэпрэсіі і супраць нацыянальнасцяў – немцаў, палякаў, латышоў, яўрэяў.

“Памяць і даследванні рэпрэсій важныя, каб людзі перасталі хапацца за “рамантызм” савецкай дзяржавы”, – падсумавала Таццяна Процька.  

Праўда, на сённяшні дзень рэпрэсіі – непапулярная ў гісторыкаў тэма. У Акадэміі навук аддзел, прысвечаны яе даследванню, праіснаваў зусім нядоўга, і неўзабаве пасля стварэння яго расфармавалі, а супрацоўнікаў звольнілі.

Гісторык Ігар Кузняцоў зазначыў, што апошняя такога маштабу канферэнцыя ў Мінску адбылася амаль 20 год таму – у 1998 годзе. З таго часу ў Беларусі не была абаронена ніводная дысертацыя па тэме рэпрэсій. Між тым толькі за апошнія два месяцы ў Мінску з’явіліся два не вядомыя раней месцы расстрэлаў: у Кунцаўшчыне і ў вёсцы Баравая, што недалёка ад Курапатаў. Вялікі розгалас у грамадстве ў апошнія гады атрымала адкрыццё Хайсаў – віцебскіх Курапатаў. Але ўсе гэтыя звесткі як бы выпадкова ўсплываюць у беларускім полі, іх вывучэннем на дзяржаўным узроўні не толькі ніхто не займаецца, а часам і наадварот, чыняць перашкоды для незалежных даследчыкаў. Так, актывіста з Віцебска Яна Дзяржаўцава, які распавядаў на канферэнцыі пра Хайсы, неўзабаве будуць судзіць за несанкцыянаванае перапахаванне парэшткаў забітых 80 гадоў таму людзей, якія знайшлі пры даследванні месца расстрэлаў.

“Нельга сказаць, што тэма рэпрэсій у нас непапулярная. Гэта вельмі важная тэма для Беларусі. Праблема ў тым, што наша сённяшняя дзяржаўная гістарычная палітыка адсоўвае яе далёка назад. Такое ўражанне, што беларуская дзяржава выступае адвакатам Савецкага Саюза, але для чаго гэта робіцца, калі ўсе суседзі, наадварот, ад гэтага адмаўляюцца, – незразумела. Ёсць і праблема іншага плану, звязаная з крыніцамі даследванняў. У архіў КДБ сёння трапіць практычна немагчыма. Але гісторыкі часта забываюць, што ёсць архівы ЦК КПБ, яны ў адкрытым доступе. У Нацыянальным архіве Беларусі захавалася вялікая колькасць матэрыялаў, звязаных з рэпрэсіямі”, – падзяліўся са Службай інфармацыі “ЕўраБеларусі” прадстаўнік Інстытута славістыкі ПАН і Беларускага архіва вуснай гісторыі Аляксандр Смалянчук.

Зусім іначай выглядаюць магчымасці для даследванняў у суседняй Украіне. Доктар гістарычных навук з Жытоміра Галіна Старадубец паведаміла, што на яе радзіме навукоўцы маюць магчымасць займацца любой тэмай без перашкодаў – у тым ліку і тэмай рэпрэсій. Больш за тое, сама Галіна чытае ва ўніверсітэце курс па гісторыі сталінізму і даследуе гісторыю УПА.

А вось у Расіі ў апошнія гады тэма рэпрэсій вышчымляецца з палітычнга істэблішменту. Замест паўнавартаснага дыялогу аб мінулым дзяржава навязвае яго міфалагізацыю, распавёў даследчык з Пецярбурга Алег Рэўт. У прыватнасці, навуковец закрануў тэму карэльскага Сандармоха і Чырвонага Бору, дзе ў сталінскіх лагерах загінула каля сямі тысяч чалавек. Цягам апошняга года тэма Сандармоха звязана з іменем яго адкрывальніка Юрыя Дзмітрыева, над якім цяпер адбываецца суд. Злачынствы, якія адкрыў свету Дзмітрыеў, расійскія ўлады стараюцца нівеляваць, даводзячы, што ў Карэліі людзей расстрэльвалі не чэкісты, а фіны, і адбывалася гэта не ў 1930-я гады, а ў 1940-я.

Украінскі Галадамор, “Польская аперацыя”, забойствы ў Курапатах, дзе ўжо наўрад ці ўдасца ўстанавіць дакладную колькасць забітых, у Сандармоху і многіх іншых месцах – напрамкі і маштабы ўсіх гэтых злачынстваў былі вельмі рознымі, і яны яшчэ не да канца асэнсаваныя гісторыкамі. Часам адзінай крыніцай звестак для іх выступае вусная гісторыя. І сёння нам важна не імкнуцца да гіпербалізацыі лічбаў рэпрэсаваных і ўсталявання помнікаў мільёнам ахвяраў, а захаваць памяць пра трагедыю кожнага чалавека і, дзе гэта магчыма, устанавіць іх імёны.

Яўгенія Бурштын, “ЕўраБеларусь”