«Белавія» пачне рэйсы Менск — Вена ад 25 красавіка. Куды яшчэ можна паляцець зь Менску

Беларуская авіякампанія «Белавія» ад 25 красавіка пачне палёты па маршруце Менск —​ Вена —​ Менск, піша амбасада Беларусі ў Аўстрыі. Палёты будуць ладзіцца штодзень.

Пры тым «Белавія» плянавала распачаць палёты ў сталіцу Аўстрыі яшчэ ад 29 сакавіка, але тады аўстрыйскія ўлады не далі дазвол на выкананьне палётаў, што выклікала абураны камэнтар беларускай кампаніі.

У межах барацьбы з пандэміяй каранавірусу Аўстрыя ўводзіла санітарны кантроль на межах і скасоўвала большую частку палётаў у краіну. Аднак цяпер Аўстрыя адной зь першых у Эўропе вырашыла паступова паслабляць карантынныя захады. Ды на межах яшчэ захоўваецца жорсткі кантроль, а рэйсы нацыянальнай авіякампаніі Austrian Airlines скасаваныя да 17 траўня.

На момант публікацыі ў Аўстрыі зафіксавалі амаль 15 тысяч выпадкаў COVID-19, памерлі 470 чалавек, выпісаныя здаровымі звыш 10 тысяч. У колькасьці выпадкаў каранавірусу на душу насельніцтва Аўстрыя абганяе Беларусь у 2,5 раза, а ў прызнаных сьмерцях — у 10 разоў.


Куды яшчэ можна выляцець зь Менску

Як інфармуе адміністрацыя менскага аэрапорту, у сярэднім за суткі абслугоўваецца 15 пасажырскіх рэйсаў (прылёт + вылет) і да 5 грузавых. У красавіку мінулага году абслугоўвалася 120-125 рэйсаў.

Зыходзячы з табло прылётаў-вылетаў, дастаўкай у Беларусь і вывазам пасажыраў за мяжу займаецца толькі авіякампанія «Белавія».

Захоўваюцца авіязносіны з наступнымі краінамі:

Армэнія, Вялікая Брытанія, Ізраіль, Нідэрлянды, Турэччына, Фінляндыя, Францыя, Швэцыя, Эстонія.

Тыдзень таму «Белавія» анансавала шэраг рэйсаў у італьянскія Мілян і Рым.

Раней у сувязі з прыпыненьнем міжнародных авіяцыйных перавозак у шэрагу краін з прычыны сытуацыі з каранавірусам «Белавія» прыпыніла палёты на асобных маршрутах.

• У аэрапорты Масквы (Дамадзедава, Шарамецьева) ад 31 сакавіка па 30 красавіка.

• Ва ўсе аэрапорты Ўкраіны (Кіеў, Адэса, Львоў, Харкаў) ад 31 сакавіка да 24 красавіка.

У сувязі са зьменлівай сытуацыяй перавозчык просіць правяраць абнаўленьні на сайце авіякампаніі пра скасаваныя рэйсы.

Вярнуць сродкі або зьмяніць дату вылету на адмененыя рэйсы можна да 31 сьнежня ўключна.

Праз пандэмію каранавірусу «Белавія» спыніла палёты ў 28 краін сьвету.

svaboda.org