Беларускіх турыстаў эвакуююць з курортаў Эўропы і Афрыкі

Кампанія «Белавія» выконвае эвакуацыйныя рэйсы з Альбаніі, Тунісу і Чарнагорыі.

«У сувязі з закрыцьцём паветранай прасторы шэрагу краін турыстычныя агенты сумесна з „Белавія“ арганізуюць эвакуацыйныя рэйсы з Альбаніі, Тунісу і Чарнагорыі скарэктаванымі маршрутамі, у абыход закрытых тэрыторый», — гаворыцца ў паведамленьні на сайце авіяперавозчыка.

1 чэрвеня двума рэйсамі з туніскай Энфіды дастаўлены ў Беларусь 346 пасажыраў. На найбліжэйшыя дні заплянаваныя яшчэ два рэйсы з Тунісу, каб вывезьці больш за 300 чалавек.

Эвакуацыйны рэйс з чарнагорскага курорту Ціват адбыўся 2 чэрвеня, дадому вярнуліся 189 пасажыраў. Таксама ў гэты дзень быў рэйс з альбанскай сталіцы Тыраны — вывезена 168 пасажыраў.

Таксама ў офісе «Белавія» паведамілі, што адпрацоўваюцца варыянты, каб вывезьці беларусаў з Кіпру — там захрасьлі блізу паўтысячы чалавек.

«Выбачаемся за сытуацыю, на якую мы цяпер не ў сілах паўплываць», — падсумавалі ў авіякампаніі.

svaboda.org