Беларускі ўніверсітэт: няспраўджаная і… спраўджаная мара БНР

Уявіць сабе паўнавартасную дзяржаву без уласнага ўніверсітэта немагчыма як цяпер, так і 100 гадоў таму. Тым больш што адной з галоўных праблем БНР быў недахоп інтэлігенцыі ва ўсіх сэнсах: як навукоўцаў-даследчыкаў, так і чыноўнікаў-тэхнакратаў. Што казаць, калі на момант абвяшчэння рэспублікі не існавала нават адзінай агульнапрынятай моўнай граматыкі: як тады весці справаводства? Карацей, стварэнне ўніверсітэта вырашыла б цэлы шэраг праблем, як кадравых, так і ідэалагічных.

Суседзяў БНР гэтая праблема таксама турбавала. У выпадку УНР усё было прасцейшым: Кіеў здаўна і так быў універсітэцкім горадам, варта было толькі перафарматаваць навучанне і скарэктаваць моўную палітыку. Падобную да беларускай сітуацыю мелі літоўцы, таму акурат адным з першых дзяржаўных крокаў было стварэнне ўніверсітэта імя Вітаўта Вялікага ў Коўне. Там, дарэчы, пасля выкладаў стваральнік бел-чырвона-белага сцяга Клаўдыюш Дуж-Душэўскі.

А што з Беларуссю? Віленскі ўніверсітэт, закрыты расійцамі ў 1830-я, быў апошнім універсітэтам, які мелі беларусы. Падобнае было і з Полацкім езуіцкім калегіумам. Такім чынам, беларусы не маглі здабываць вышэйшую асвету на тэрыторыі свайго краю, змушаныя раз’язджацца па свеце: Масква, Кіеў, Пецярбург, Варшава, Дэрпт (Тарту) і г.д.

Своеасаблівым феноменам таго часу, калі казаць пра пачатак ХХ ст., сталі настаўніцкія семінарыі, якія рыхтавалі настаўнікаў народных вучэльняў. Такія ўстановы былі ў Свіслачы, Маладзечне, Нясвіжы і іншых гарадах. Семінарыі далі неймаверную колькасць дзеячаў нацыянальнага руху: Колас, Лёсік, Рак-Міхайлоўскі і безліч іншых выйшлі менавіта адтуль. Феномен палягаў яшчэ і ў тым, што, выхаваныя цалкам у “рускім духу”, гэтыя людзі пасля зрабіліся вернымі служыцелямі і светачамі Беларушчыны.

Феномен гэты ў наступным “ацанілі” і ўлады міжваеннай Польшчы. Супрацоўнікі палітычнага ўпраўлення польскай паліцыі склалі спіс з прыкладна 600 прозвішчаў выпускнікоў настаўніцкіх семінарыяў, якія, паводле паліцыі, былі “касцяком беларускага нацыянальнага руху”. Навошта быў той спіс? Усё проста: каб перашкодзіць гэтым людзям працаваць у сферы адукацыі, пазбавіць уплыву на масы.

Што ж з БНР? Тэма нацыянальнага ўніверсітэта сярод урадоўцаў была паднятая адной з першых. Упершыню пра яе дакладаў навуковец Мітрафан Доўнар-Запольскі яшчэ ў траўні 1918-га. Улетку таго ж года пачала працу спецыяльная камісія па стварэнні ўніверсітэта, куды апрача Запольскага ўвайшлі такія “глыбы”, як Аркадзь Смоліч і Яўхім Карскі – піянеры ў даследаванні беларушчыны. Праект універсітэта быў распрацаваны: распісаныя спецыяльнасць, курсы, ішоў пошук будынка ў Мінску. Лёс склаўся па-іншаму: восенню горад ужо быў заняты бальшавікамі.

На гэтым, аднак, гісторыя не заканчваецца. Фармальнай датай заснавання БДУ лічыцца 1921 год, але ў рэальнасці спецыяльнае рашэнне на гэты конт было прынятае яшчэ 25 лютага 1919-га. Атрымліваецца, урад Савецкай Беларусі разважаў прыкладна ў тым жа ключы, што і ўрадоўцы БНР: універсітэт – перадусім! Краіне, хай і пад крылом РСФСР, былі патрэбныя свая навука і свае кадры.

Своеасаблівым працягам гісторыі “ўніверсітэта БНР” можна лічыць працу ў БДУ 1920-х былых урадоўцаў рэспублікі-мроі. Гэта яшчэ адзін феномен – пераліванне крыві ў межах нацыянальнага арганізма: тыя, хто змагаўся з бальшавікамі, пагадзіліся на працу ў сферы адукацыі і культуры для агульнага дабра краю. Усе мы памятаем, што сімвалічнае пераліванне крыві скончылася цалкам рэальным яе праліццём: мала хто з іх перажыў 1920-я – 1930-я.

Тым не менш справа была зробленая: краіна займела свой універсітэт. Сцяг, падняты ўрадоўцамі БНР, быў перахоплены нацыянал-камуністамі з савецкага лагеру.

Алесь Кіркевіч, “Будзьма беларусамі!”


Тэгі: БНР