Беларусь папрасіла ў Расеі дапамогі ў барацьбе з каранавірусам, — «Коммерсант»

Маскоўскае выданьне «Коммерсант» са спасылкай на крыніцы ў расейскіх дзяржструктурах сьцьвярджае, што Беларусь накіравала ў Расею афіцыйныя запыты з просьбай дапамагчы ахоўнымі маскамі, тэст-сыстэмамі, апаратамі штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

Падобныя запыты, кажуць інфармаваныя асобы, па дыпляматычных каналах даслалі практычна ўсе краіны СНД, за выключэньнем Украіны і Туркмэністану.

Пры гэтым у Маскве нагадваюць, што для выдзяленьня дапамогі неабходны спэцыяльны дазвол расейскага ўраду, бо 2 сакавіка была прынята пастанова, якая забараняе вываз з краіны мэдыцынскай прадукцыі.

Камэнтуючы сытуацыю ў Беларусі, суразмоўца «Коммерсанта» выказаў надзею на тое, што там пачнуць «больш адказна» падыходзіць да барацьбы з распаўсюдам COVID-19.

«Мы ад іх абараняемся. Але задачу гэтую трэба вырашаць сумесна, паколькі калі ў адной краіне эпідэмія пойдзе на спад, а ў другой паўстане яе асяродак, то пагроза захаваецца», — адзначыў ён.

Аляксандар Лукашэнка вядзе палеміку з каранавірусам, але на ўсялякі выпадак просіць Расею аб дапамозе, непрыхавана іранізуе выданьне.

svaboda.org