Арцыбіскуп Кандрусевіч: Той, хто імкнецца зьнішчыць хрысьціянства, зьнішчае крыжы

5 красавіка арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заахвочвае падчас набажэнстваў Крыжовага шляху ва ўсіх касьцёлах Беларусі маліцца ў інтэнцыі экспіяцыі, або перапрашэньня за ўсе зьнявагі Сьвятога Крыжа, зьдзейсьненыя на нашай зямлі, паведамляе партал catlic.by.

«Кожная пятніца, асабліва ў пэрыяд Вялікага посту, — гэта дзень, калі вернікі закліканы ўзгадваць муку Хрыста і Яго сьмерць на крыжы, якая стала цаною адкупленьня чалавецтва зь няволі граху і сьмерці. Крыж — жахлівая прылада ганебнай сьмерці ў старажытнасьці — для хрысьціянаў зьяўляецца сьвятым знакам адкупленьня, які асаблівым чынам ушаноўваецца. Крыжы вянчаюць хрысьціянскія сьвятыні, ставяцца на раздарожжах, узносяцца над магіламі вернікаў.

Тыя, хто імкнуўся зьнішчыць Хрыста, прыбілі Яго да крыжа, а тыя, хто імкнецца зьнішчыць хрысьціянства, зьнішчае крыжы. На жаль, гісторыя нашай зямлі ведае шмат прыкладаў такога страшнага сьвятатацтва, як зьнішчэньне крыжоў і сьвятыняў, а памяць людзкая захавала таксама і тое, які незайздросны лёс пазьней напаткаў найбольш утрапёных "змагароў" з Укрыжаванай Любоўю», заявіў Тадэвуш Кандрусевіч.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч запрашае ўсіх вернікаў Беларусі асаблівым чынам прасіць падчас набажэнстваў Крыжовага шляху прабачэньня за кожны грэх сьвятатацтва супраць Сьвятога Крыжа, учынены на беларуская зямлі ва ўсе часы.

У набажэнствах рэкамэндуецца выкарыстаць разважаньні брата Эмануэля Юрана, які належыць да манаскай супольнасьці баніфратраў, а таксама словы, якія біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобл., зьмясьціў на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

Крыж — знак збаўленьня кожнага чалавека Хрыстом!

Крыж — знак бязьмежнай любові Бога да чалавецтва!

Так, як сёньня аднесьліся да Крыжоў у Курапатах, напаўняе сэрца болем, смуткам, пакідае шмат пытаньняў і задумы аб будучыні нашай Бацькаўшчыны, адзначыў арцыбіскуп.

Раней мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выказаўся пра Курапаты, знаходзячыся ў Беластоку на рэабілітацыі пасьля апэрацыі. Ён заклікаў спыніць знос крыжоў і распачаць дыялёг з грамадзтвам.


«Неабыякавыя да трагедыі масавых забойстваў людзі прыходзілі ў Курапаты, каб памаліцца, і імкнуліся нейкім чынам пазначыць гэтае месца і ўшанаваць памяць забітых і пахаваных тут продкаў і суайчыньнікаў. Такім чынам ва ўрочышчы зьявіліся крыжы, як гэта спрадвеку прынята рабіць на могілках і ў месцах пахаваньняў. Крыжы ставілі без афіцыйнага дазволу, але ўлада не забараняла гэтага рабіць. За апошнія 30 гадоў паступова з’явіўся своеасаблівы „Курапацкі пантэон“ — стыхійны мэмарыял, вядомы ва ўсім сьвеце», — гаворыцца ў заяве Тадэвуша Кандрусевіча на афіцыйнай старонцы Каталіцкай царквы ў Беларусі.

Ён назваў Курапаты месцам «памяці і малітвы» і заклікаў да шырокага абмеркаваньня сытуацыі ў Курапатах з прадстаўнікамі рэлігійных канфэсіяў і грамадзтва.


«Ніхто ня кажа пра тое, што ня трэба ўпарадкаваць тэрыторыю ўрочышча Курапаты, але ня коштам абразы пачуцьцяў вернікаў. Я лічу, што неабходна арганізаваць грамадзкае абмеркаваньне пляну ўпарадкаваньня тэрыторыі Курапатаў з удзелам прадстаўнікоў розных веравызнаньняў», — адзначае ў сваёй заяве мітрапаліт Кандрусевіч.

“Радыё Свабода”