Андрэй Хадановіч: Паэты адразу адрэагавалі на сітуацыю

Як пад уплывам каронавірусу і палітыкі трансфармуецца творчасць? Як часта сустракаецца самацэнзура і што становіцца яе прычынай? Ці плануюць паэты сыходзіць у падполле?

Адказы на такія ды іншыя пытанні шукаў наш сённяшні „Госць Рацыі” паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч у гутарцы з Алісай Поль:

– Я думаю, што ў розных галінах творчасці сітуацыя выглядае па рознаму. Мне здаецца, што найбольш разняволена, натуральна, актыўна адчуваюць сябе тыя, чыя творчасць не звязаная з нейкімі інстытуцыямі, з нейкімі калектывамі, з чымсьці такім маштабным, што лягчэй кантраляваць і для падтрымкі чаго часам неабходная дзяржава ці нейкі такі інстытут. Найлепей пачуваюцца паэты, я думаю, людзі, якія і раней маглі пісаць у стол, а сёння могуць пісаць у блогі. Паэты публіцысты, калумністы, фрылансеры самага рознага кшталту, індывідуальныя вольныя стралкі. Нашмат цяжэй пачуваюцца рэжысёры тэатраў ці дырыжоры  сімфанічных аркестраў, альбо скульптары-манументалісты. Я думаю, што росквіт іх творчасці непасрэдна звязаны з агульнай сітуацыяй свабоды і адсутнасці кантролю, адсутнасці цэнзуры ў дзяржаве. Такі кантроль, такая цэнзура, такое змаганне з усякага кшталту вольнай творчасцю проста зашкальвае. Таму, бачыце, мы маем такія феномены. Трэба быць, з аднаго боку, геніяльным творцам, а з другога боку, выбітнай чалавечай асобай, каб нягледзячы на ўсё гэта самаарганізоўвацца, супрацьстаяць гэтаму і неяк творча існаваць. Я ў прынцыпе, як чалавек, які піша вершы і перакладае паэзію, асаблівай розніцы як бы і не заўважаў. І раней не адчуваў нейкай падтрымкі з боку міністэрства культуры, як і ў іншых афіцыёзных інстанцыях, якія найлепшае, што маглі зрабіць, гэта не перашкаджаць, не ўлазіць у творчы працэс. Гэта было ў найлепшыя гады, дзякуй за тое, што не перашкаджалі.

Андрэй Хадановіч таксама звярнуў увагу, што зараз асноўная пляцоўка для камунікацыі чытачоў і паэтаў – гэта сацыяльныя сеткі. Іх вершы цытуюць, распаўсюджваюць і абмяркоўваюць, асабліва калі гэта закранае важныя падзеі ў краіне.

„Беларускае Радыё Рацыя“