Анатоль Сідарэвіч: Мы бачым супрацьстаянне цывілізаванага народа і варварскай улады

На смерць Рамана Бандарэнкі


Колькі людзей ім трэба забіць і скалечыць дзеля ўтрымання ўлады?

Яны ўголас заяўляюць аб вайне.

Ім хочацца пусціць вялікую кроў, каб запалохаць, адбіць жаданне пераменаў.

Сваёй жорсткасцю, нялюдскасцю яны хочуць справакаваць бойню. Так і ўспамінаецца Энгельсава: яны “хочуць завабіць нас неадменна туды, дзе страляе ружжо і сячэ шабля”.

Хочацца верыць, што нашы жанчыны і мужчыны, наша моладзь, наш народ  “такое задавальненне сваім ворагам… пэўна не даставіць” (зноў Энгельс).

Мы бачым супрацьстаянне цывілізаванага народа і варварскай улады.

Гістарычна цывілізацыя перамагае дзікунства і варварства. На жаль, не без ахвяраў. 

***

Добра было б, каб усе інфармацыйныя сайты Беларусі адкрываліся партрэтнай галерэяй загінулых ад рук варвараў. Ад Юрыя Захаранкі да Рамана Бандарэнкі. І чакаю такую фотагалерэю на першай паласе “Народнай Волі”.   

Ніхто не забыты, нішто не забыта.

Анатоль Сідарэвіч