Амбасадар Сямашка патлумачыў, чаму Менск адмовіўся падпісваць 30 «дарожных мапаў» інтэграцыі

Беларусь не «сыходзіць на Захад», але будзе шукаць альтэрнатыўныя крыніцы нафты, сьцьвярджае амбасадар Беларусі ў Маскве Ўладзімер Сямашка ў інтэрвію «Российской газете».

Уладзімер Сямашка так растлумачыў, чаму беларускі бок у апошні момант адмовіўся падпісваць 30 так званых «дарожных мапаў» для паглыбленьня інтэграцыі:

«Да моманту завяршэньня працы над дарожнымі мапамі не была выкананая адна з асноўных умоў беларускага боку — урэгуляваньне ўсіх актуальных пытаньняў двухбаковага супрацоўніцтва, — казаў амбасадар. — Аляксандар Лукашэнка неаднаразова акцэнтаваў увагу на тым, што падпісаньне ўсіх новых інтэграцыйных дамоўленасьцяў магчымае толькі пакетным прынцыпам.

Такім чынам, адсутнасьць рэальнага руху ў энэргетычнай тэматыцы, ліквідацыі бар'ераў і стварэньні роўных умоў для субʼектаў гаспадараньня без аднабаковых выключэньняў і абмежаваньняў не дазволіла выйсьці на падпісаньне падрыхтаванага пакету дакумэнтаў».

Сямашка заявіў, што ў цяперашніх умовах гэтыя дамоўленасьці фактычна страцілі актуальнасьць.

«Але ўжо відавочна, што дарожныя мапы давядзецца актуалізаваць, — казаў амбасадар. — Сытуацыя ў нашым рэгіёне і сьвеце ў цэлым, якая склалася ў апошнія дні і тыдні, прымушае пераасэнсаваць асобныя элемэнты супрацоўніцтва і скарэктаваць іх у мэтах прывядзеньня да бягучых рэалій.

Зусім нядаўна нам удалося знайсьці ўзаемапрымальнае рашэньне на бягучы 2020 год ва ўмовах паставак расейскай нафты ў Рэспубліку Беларусь. Таму чакаем, што ў астатнюю частку году нам удасца хутка нарасьціць абʼёмы паставак і выйсьці па 2020 году на лічбы, блізкія да тых, што першапачаткова плянавалася.

Безумоўна, большую частку з патрабаванага абʼёму нафты мы будзем атрымліваць з Расеі, паколькі тут немалаважную ролю адыгрываюць і зручнасьць лягістыкі, і тэхналягічная арыентацыя беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў на перапрацоўку нафты гатунку Urals.

Але разам з тым кіраўніцтву канцэрну „Белнафтахім“ пастаўленая задача нарошчваньня абʼёмаў уласнай здабычы нафты з праверанымі часам замежнымі партнэрамі і шукаць альтэрнатыўныя крыніцы пастаўкі нафты, каб у далейшым не трапляць у цяжкія сытуацыі».

svaboda.org