Амбасадар Расеі прапанаваў Беларусі «інвэнтарызацыю» дарожных мапаў інтэграцыі, каб «прыбраць палітызацыю»

Расейскі амбасадар у Беларусі Дзьмітрый Мезенцаў 27 ліпеня заявіў, што Расеі і Беларусі трэба правесьці «інвэнтарызацыю» дарожных мапаў «паглыбленьня інтэграцыі», каб зьвярнуць увагу на эканамічную інтэграцыю і «прыбраць непатрэбную палітызацыю», перадае ТАСС.

Паводле яго, перамовы прэм’ераў Беларусі і Расеі 14 ліпеня ў Маскве і 17 ліпеня ў Менску «пацьвярджаюць узаемную высокую зацікаўленасьць» бакоў.

«Пытаньне ў тым, што трэба сядаць за стол перамоваў і гутарыць, весьці інвэнтарызацыю інтэграцыйных дарожных мапаў і бачыць рэальную пэрспэктыву», — мяркуе Мезенцаў.

На гэтых перамовах, дадаў ён, трэба «праявіць волю, напорыстасьць», дзейнічаць «бяз боязі, залішняй і непатрэбнай палітызацыі інтэграцыйнай працы». Па-за палітычнай кампанэнтай могуць быць, кажа ён, пытаньні адзінай палітыкі ў прамысловасьці, сельскай гаспадарцы, падатках, навуцы. Гэта ўсё не нясе пагрозаў сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі і Расеі, запэўнівае Мезенцаў, а можа быць «найважнейшай канкурэнтнай перавагай для абедзьвюх краінаў».

Мезенцаў адзначае, што стратэгія «паглыбленьня інтэграцыі» была прадстаўленая Аляксандру Лукашэнку і Ўладзіміру Пуціну, «практычна ўсё было ўзгоднена», таму «трэба да гэтага вяртацца», «яшчэ раз перадамовіцца і пайсьці наперад».

Пра тое, ці ёсьць у абноўленых «дарожных мапах» нейкія наднацыянальныя органы дзьвюх дзяржаваў, Мезенцаў «ня чуў».

svaboda.org