Альгерд Бахарэвіч пра новую кнігу: «Калі хочаш быць рэалістам — мусіш пісаць фантастыку»

На гэтым тыдні пачаліся продажы найноўшай кнігі Альгерда Бахарэвіча пад назвай «Апошняя кніга пана А.». З гэтай нагоды пра кнігу пагаварылі адзін зь першых чытачоў Ян Максімюк, аўтар Альгерд Бахарэвіч і рэдактар Сяргей Шупа.


Не апошняя кніга Альгерда Бахарэвіча

Максімюк: Альгерд, гэта «Апошняя кніга пана А.», але, спадзяюся, не апошняя кніга пана Альгерда Бахарэвіча? Ці, можа, ты вырашыў закончыць пісьменьніцкія заняткі і такім чынам разьвітваесься з чытачамі?

Бахарэвіч: Як кажуць у Менску — не даждзёцесь! Гэта не апошняя мая кніга. Але для пана А., пана Аўтара, галоўнага пэрсанажа гэтай кнігі гэта і праўда апошні ягоны твор. Мне здаецца, гэтая назва як найлепш адлюстроўвае сюжэт кнігі, яе задуму.

Максімюк: Пра сюжэт мы яшчэ пагаворым пазьней, а пачаць я б хацеў з такога пытаньня. Пераважная большасьць патэнцыйных чытачоў кнігі яшчэ не чытала, тым ня менш усе зацікаўленыя ведаюць з анонсаў, што гэтая кніга складаецца з казак — з казак для дарослых. Таму давайце пачнём нашу размову якраз з гэтага пытаньня. Вы любілі слухаць або чытаць казкі у дзяцінстве? Якія казкі найбольш любілі — помніце?

Бахарэвіч: Безумоўна, казкі ў дзяцінстве — гэта сьвятое, казкі я вельмі любіў. Але вось што цікава. Каштоўнасьць казак як літаратурнай формы, літаратурнага жанру я адкрыў для сябе толькі ўжо ў сталым узросьце. Ужо калі жыў у Гамбургу, я вельмі зацікавіўся братамі Грымамі і Вільгельмам Гаўфам, перачытаў гэта ўсё ў арыгінале, нават сёе-тое паспрабаваў перакласьці. А да таго часу я ставіўся да казак як да чагосьці несур’ёзнага, дзіцячага, зь дзіцячай літаратуры ў мяне асаблівага досьведу няма.


Казкі — гэта сур’ёзна

Дык вось толькі ў Гамбургу я зразумеў, што казка — гэта сур’ёзны, паўнавартасны літаратурны жанр, у якім сябе варта паспрабаваць і ў якім сапраўды можна зрабіць штосьці цікавае і незвычайнае. А таксама асьвяжыць гэты жанр у беларускай літаратуры.

Браты Грымы і Вільгельм Гаўф — безумоўна. Але і Ян Баршчэўскі, пачынаючы яшчэ са студэнцкага ўзросту — я яго адкрыў для сябе ў пачатку 1990-х. І ня так даўно ў адным менскім букінісьце я набыў «Шахразаду» ў расейскім перакладзе і таксама зь вялікім задавальненьнем перачытаў. Зусім іншае ўражаньне, чым тое, якое было ў мяне ў падлеткавым узросьце! Цяперашнімі вачыма гэта ўсё выглядае значна больш страшна — напрыклад, сэксізм там проста квітнее... Карацей, я ня пэўны, што гэтая казка мусіць прачытвацца ва ўзросьце 15-16 гадоў.

Сяргей, а ты што думаеш пра казкі?

Шупа: Я таксама ў дзяцінстве вельмі любіў казкі, у мяне была куча розных казак самых розных народаў. І толькі значна пазьней я таксама прыйшоў да разуменьня таго, што казкі — гэта зусім не дзіцячая літаратура. Усе казкі, якія мы ў дзяцінстве чыталі — калі яны ствараліся на нейкай архаічнай стадыі разьвіцьця літаратуры, яны не прызначаліся для дзяцей. Шмат народных казак сёньня мелі б пазнаку і 12+, і 16+ а то і 21+. І таму, думаю, «казкі для дарослых» — тэрмін недарэчны, казкі і так, by default, для дарослых. Нават самыя, здавалася б, «дзіцячыя» — усялякія рэпкі і калабкі — нясуць у сабе алегарычны зарад, мэсыдж, адрасаваны ўсяму грамадзтву, а ня толькі самай дробнай паводле фармату яго частцы.

Максімюк: А вось да мяне казкі прыйшлі ня з кніжак, а ад бацькоў, ад цёткі — і мы прывыклі, што казкі для дзяцей павінны добра канчацца, у іх мусіць быць нейкая мараль. І калі дзіця запытае маму «А чаму так?», то мама павінна растлумачыць, пра што казка і чаму ў ёй усё так добра закончылася. А вось казкі для дарослых не заўсёды канчаюцца добра...

Але калі думаць пра архетыпы і прататыпы, першае, што прыходзіць у галаву, калі чытаеш «Апошнюю кнігу пана А.» — гэта «Дэкамэрон» Бакача. Канструкцыя абедзьвюх кніг падобная: рамачная структура, у якую ўкладзеныя розныя гісторыі. У Альгерда Аўтар на працягу месяца ў закрытым доме чытае свае казкі пяці слухачам, а ў «перапынках» паміж казкамі, слухачы іх абмяркоўваюць.

Самым дзіўным для мяне было — вонкавыя абставіны дзеяньня кнігі. Усё адбываецца на тле нейкай эпідэміі. Альгерд, калі ты пачаў пісаць гэтую кнігу летась, ты гэтую эпідэмію ўвёў адразу або дадаў, калі пачалася ўся гэтая гісторыя з каранавірусам?


Дапісваў кнігу ў разгары каранавірусу

Бахарэвіч: Я мушу тут трохі распавесьці пра гісторыю стварэньня гэтай кнігі. Фактычна я пачаў яе пісаць яшчэ ўвосень 2018 году і напісаў першы разьдзел і першую казку. І ўжо тады ў мяне была ідэя стварыць кнігу пра кампанію нейкіх людзей, якія зьбіраюцца ў адным пэўным менскім доме, слухаюць казкі і іх абмяркоўваюць, а навокал адбываецца жудасьць, сьвет проста гіне, а яны настолькі апантаныя літаратурай, сваімі калялітаратурнымі праблемамі і інтрыгамі, што проста ня хочуць зьвяртаць увагі на тое, што адбываецца за вокнамі гэтага дому.

Дык вось, напісаўшы першы разьдзел і першую казку, я на год узяў паўзу, бо ня ведаў што з гэтым далей рабіць. Летась увосень я пачаў працаваць над кнігай больш сур’ёзна, і неўзабаве мне гэты сьвет за вокнамі падкінуў усе неабходныя дэкарацыі, дадаў натхненьня, энэргіі. Раптам у мяне зьявілася з чаго пісаць, з чаго разьвіваць гэтую ідэю.

Натуральна, мне не хацелася ісьці за рэальнасьцю, у якой мы працягваем жыць, але штосьці зь яе я ўсё ж узяў. Перш за ўсё настрой — гэта нейкая паніка, нейкія надзеі на тое, што заўтра ўсё гэта скончыцца, нейкія выслоўі, якія зьявіліся ў часе пандэміі, нейкія мэмы, мадэлі паводзінаў.

Дапісваў кнігу я ўжо ў разгары каранавірусу. У гэтым таксама і праблема, бо кнігу я дапісаў ужо чатыры месяцы таму, за гэты час шмат што зьмянілася, і цяпер чытач, які адкрые «Апошнюю кнігу пана А.», хіба што ўспомніць, як гэта ўсё пачыналася — але яна ўжо ня будзе адлюстроўваць цяперашні стан рэчаў.

Максімюк: Давайце пагаворым не пра тло, якое там істотнае, але ня самае істотнае, а пра самі гісторыі. Я быў уражаны вынаходлівасьцю, здольнасьцю прыдумляць гісторыі — там трыццаць гісторый, кожная пра нешта іншае, і ўсе яны моцна чапляюць ці то сваім настроем, ці то сюжэтам, ці яшчэ чымсьці, нечым страшным, містычным... Таму «Шляхціц Завальня» мне таксама адразу прыходзіць у галаву, побач з «Дэкамэронам».

Ты, кажаш, сеў увосень і пачаў пісаць кнігу — ты ўсе гэтыя гісторыі прыдумляў «на хаду», ці яны зьбіраліся на працягу даўжэйшага часу? Ужо былі ідэі, і ты толькі сеў і за некалькі месяцаў іх рэалізаваў?


Гэта быў экспэрымэнт над самім сабой

Бахарэвіч: Гэта быў нейкі выклік самому сабе: ці змагу я ўзяць і прыдумаць трыццаць адну арыгінальную гісторыю. Прызнаюся, што я проста ішоў сьледам за сваім пэрсанажам — кожны дзень я садзіўся і думаў: ці змагу я сёньня прыдумаць новую гісторыю, а заўтра новую, пасьлязаўтра яшчэ адну... Ці хопіць маіх творчых сілаў, ці хопіць натхненьня, ці хопіць наогул нейкіх літаратурных здольнасьцяў, каб прадукаваць гэтыя сюжэты ў такой колькасьці і з такой рэгулярнасьцю. Мне было проста цікава зрабіць над сабой такі экспэрымэнт. Я задаволены, мне падаецца, што экспэрымэнт удаўся. Я верыў у тое, што мой літаратурны досьвед дазволіць мне такое зрабіць.

І тут яшчэ, можа быць, я падзялюся чымсьці асабістым: калі я ў жыцьці сутыкаюся з маленькімі дзецьмі, я часам спрабую прыдумаць для іх нейкую гісторыю — «на хаду». І мне цікава назіраць, як я пачынаю расказваць, скажам, свайму малому пляменьніку (ён ужо пайшоў у школу), і празь некалькі сказаў я бачу, што яго гэта захапляе, што ён чакае працягу.

У пэўным сэнсе «Апошняя кніга пана А.» пісалася так.

Можа быць мой пэрсанаж таксама хітруе. Бо ў кожнага пісьменьніка ёсьць у запасе сюжэты нерэалізаваных кніг, якія былі задуманыя дзесяць гадоў таму, але так і ляжалі, захоўваліся на ўзроўні задумаў. Можа, нешта такое валялася на гарышчы памяці...

Максімюк: Думаю, што гэта таксама праўда, бо першая гісторыя — пра зубы і дантыстак — перагукаецца зь нейкімі момантамі тваіх папярэдніх кніг, мне прыгадваецца «Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча». Напэўна гэта нейкая траўма, зьвязаная з зубамі, якая засталася на ўсё жыцьцё?

Запытаемся ў рэдактара кнігі, каб падзяліўся сваім досьведам рэдагаваньня розных гісторый, напісаных «на хаду». Цябе не зьдзіўляла рэгулярнасьць і разнастайнасьць тых гісторыяў?

Шупа: Гісторыі і сапраўды вельмі розныя — і жанрава, і стылістычна. Пачынаецца нібыта і з казак, якія нават прыгадалі мне казкі, якія мы ў дзяцінстве расказвалі адны адным у садочку, малодшых клясах школы, піянэрскіх лягерах... Мне чамусьці сёньня нечакана прыгадаўся яскравы вобраз, транспартны сродак з тых нашых казак — «гроб на сямі калёсіках», я цэлую раніцу думаў, адкуль тыя «калёсікі» ўзяліся і нашто. Можа й проста так, але мушу сказаць, што стваральнік гэтага тэрміну меў дасканалы слых... Дык вось рэха гэтага «гроба на сямі калёсіках» я шмат у якіх Альгердавых казках пачуў, яно адгукнулася ў сэрцы.

Там у камэнтарах слухачоў Аўтара, якія яны даюць у інтэрлюдыях паміж казкамі, усё гэта разьбіраецца, там адбываецца своеасаблівы літаратуразнаўчы кангрэс на фоне гэтых казак. Сапраўды, некаторыя з гэтых казак, паводле клясыфікатараў, і казкамі не назавеш — гэта апавяданьні з усімі належнымі фармальнымі характарыстыкамі і адзнакамі. Некаторыя зь іх можна ўзяць з гэтай кніжкі — адна казка, напрыклад, ідэальна ўвойдзе ў зборнік найлепшых беларускіх калядных апавяданьняў.

Сапраўды, казкі нібыта пісаліся рознымі людзьмі. Аўтар, як Пратэй, кожны дзень ператвараўся ў іншую істоту і перажываў сусьвет вакол сябе зусім інакш, і зусім інакш бачыў тое, што адбываецца вакол. І за гэтым было цікава назіраць.

Наагул, у гэтай кнізе адкрываюцца цікавыя пэрспэктывы. Адбываецца нейкая нарацыя, нехта за ёй назірае, слухае, а нехта — гэта ўжо мы — назіраем, слухаем тых назіральнікаў... Выходзіць такі шматслойны сэнсавы торт.

А я хацеў яшчэ запытацца — хоць чытачу, мабыць, гэта будзе ясна з самога тэксту — як бы ты сам апісаў час і прастору, у якіх адбываецца дзея гэтай кнігі? Дзе гэта і калі?


Беларусь, якая сьціснулася да памераў выспы

Бахарэвіч: Задумана гэта як перадапакаліптычная будучыня. Беларусь, якая сьціснулася да памераў выспы. Выспа — гэта адзін з маіх улюбёных вобразаў апошняга часу, хто чытаў «Сабакаў Эўропы», той ведае, наколькі гэта важны для мяне вобраз. Гэта выспа, вакол яе акіян, і я дагэтуль веру, што Беларусь, краіна, у якой я жыву, беларуская культура і беларуская літаратура — гэта выспа, і мы ўсе маем такое сьветаўспрыманьне жыхароў выспы.

Мне проста хацелася максымальна сысьці ад кантэксту цяперашняй Беларусі, хацелася, каб гэтая кніга была зусім непадобная да таго, што я пісаў раней. У прынцыпе мне кожнага разу так хочацца — каб кожная мая новая кніга была непадобная да папярэдніх. Таму ў гэтай кнізе няма, напрыклад, трасянкі, тут няма расейскай мовы, тут наогул няма гэтай моўнай паліфаніі. У гэтай кнізе, можа, францускай мовы больш, чым расейскай.

Але я тут, магчыма, адкрыю маленькую таямніцу: чалавек, які вельмі добра прычыніўся да выданьня гэтай кнігі, паставіў мне ўмову, каб у гэтай кнізе была надзея. І гэта таксама моцна абумоўлівала творчы працэс.

Таму — гэта будучыня, перадапакаліптычная будучыня, але будучыня, якая не канчаецца.

Максімюк: Я ня меў сумневу, што нягледзячы на некаторыя фантастычныя «дэкарацыі» гэта кніга пра Беларусь. І заканчэньне кнігі сапраўды нейкую надзею дае. Але ня буду раскрываць усе таямніцы.

Запытаюся пра мову. Альгерд ужо сказаў, што ў кнізе няма трасянкі, няма расейскай мовы, няма жывой моўнай тканкі зь менскіх вуліц. Як ты, Сяргей, з свайго рэдактарскага гледзішча ўспрымаеш мову дыскусіяў паміж казкамі? Там такая надта кніжная, квяцістая, рафінаваная мова...

Шупа: Гэтыя дыскусіі, гэты фон, на якім чытаюцца казкі — гэта такая штучная рэальнасьць. Яна намаляваная, як гаршчок на агні ў таты Карлы. Дыскутанты гавораць стылізаванай мовай. Гэтыя героі не зусім жывыя, яны нібы робаты, яны — знак нечага іншага. Гэта — героі-функцыі, а не героі-асобы. Сярод іх жывы толькі сам Аўтар. Ну і безумоўна, жывыя героі саміх казак. Сапраўднае жыцьцё, сапраўдная рэальнасьць у кнізе — якраз у казках. А абмеркаваньне іх адбываецца як бы ў лялечным тэатры, Аўтар маніпулюе гэтымі лялькамі і вядзе зь імі ўяўны дыялёг. Для мяне гэтыя пяць слухачоў — гэтае другое, трэцяе, чацьвёртае, пятае, шостае «я» самога Аўтара. Ён фактычна дыскутуе сам з сабой, ён укладвае ім у галовы тыя думкі, якія яны, паводле яго, маглі б або мусілі выказаць.

Бахарэвіч: У аднаго з герояў пытаюцца: «Чаму вы ўсе так дзіўна размаўляеце?» І ён адказвае: «У такі цяжкі час мы мусім зьберагчы культуру. Бо рэальнасьць заўсёды каснаязыкая, а мы будзем зьберагаць культуру тым, што будзем размаўляць мовай ХІХ стагодзьдзя — нежывой, стылізаванай, рафінаванай, але пры гэтым вельмі неабходнай, каб ацалець».

Максімюк: Ня ведаю, ці ёсьць тут нейкая тэндэнцыя, але і «Сабакі Эўропы» — гэта таксама фактычна быў зборнік казак, праўда, даўжэйшых і больш маштабных. Там было шэсьць розных гісторыяў, аб’яднаных пад адной вокладкай, у «Апошняй кнізе пана А.» іх трыццаць. Летась я таксама чытаў кнігу, дзе была трошкі падобная «рамачная» канструкцыя — «Песьню пра Цімура» Андрэя Адамовіча. Ці можна сказаць — хоць бы гледзячы толькі на гэтых двух аўтараў — што беларуская літаратура ўхіляецца ад пабудовы аднаго цэласнага сюжэту, а зьвяртаецца да такой «мазаікі»?


Толькі фантастыка здольная адлюстраваць сёньняшні сьвет

Бахарэвіч: Адзін з герояў «Апошняй кнігі пана А.» прызнаецца ў пэўны момант, што яму вельмі хочацца і ўсё жыцьцё хацелася напісаць вялікі рэалістычны раман. Але як ён ні спрабуе — нічога не атрымліваецца, і цяпер ён мусіць пісаць казкі, і да рэалістычнага рама ну яму яшчэ далёка.

Апошнім часам я шмат думаю пра тое, што адбываецца ў беларускай літаратуры, што адбываецца з маёй творчасьцю, з творчасьцю маіх калегаў, і прыходжу да такой высновы: калі ты хочаш пісаць рэалістычна, калі ты хочаш быць рэалістам — ты мусіш пісаць фантастыку. Казкі, фантастычныя раманы, сацыяльную фантастыку. Кожны дзень, калі ты прачынаесься, ты разумееш, што тваё рэалістычнае пісьмо, увесь твой так званы рэалізм зьнішчаны тымі навінамі, якія прыйшлі за ноч — якія ты чытаеш на фэйсбуку або на сайце Радыё Свабода. Ня мае сэнсу пісаць інакш. Толькі фантастыка здольная цяпер неяк адлюстраваць гэты сьвет больш-менш удала і асэнсаваць яго.

Наконт Андрэя Адамовіча і ўсіх гэтых супадзеньняў або можа й тэндэнцыяў — мне здаецца, што нам нічога больш не засталося, як толькі гуляць. Усё гэта — вялікая гульня з прачытанымі кнігамі, спроба ня страціць іх. Мне асабіста падаецца, што мы цяпер жывем у самы неспрыяльны для літаратуры час. І тое, што «Апошняя кніга пана А.» выходзіць у такой сытуацыі — гэта таксама ў пэўным сэнсе вар’яцтва Паводле маіх назіраньняў, кніг чытаюць усё менш, цікавяцца імі ўсё менш, чытачоў у нас робіцца ўсё менш, і наогул надышоў час для перачытваньня.

Тое, што мы маем, — гэта вынік нашага доўгага, шматгадовага перачытваньня нашых любімых твораў. А маімі любімымі творамі былі казкі — і вось што атрымалася ў выніку. Я спадзяюся, што чытачы таксама прачытаюць «Апошнюю кнігу пана А.», успамінаючы ўвесь час нейкія свае любімыя фантастычныя творы.

Максімюк: Сяргей, можа, у цябе, слухаючы Альгерда, зьявілася нейкая рэфлексія на тэму «Куды ідзе беларуская літаратура»?

Шупа: Ну некуды ідзе... Я лепш спытаюся пра іншую дарогу. Альгерд, як табе ўдалося пераадолець «постсабачны сындром»? Памятаю, пасьля выхаду «Сабакаў Эўропы» табе здавалася, што ты на сваім творчым шляху паставіў такі вялікі камень, што табе цяпер цяжка будзе напісаць нешта, што было б ня горшае за «Сабакаў». Як ты гэты момант перажыў?

Бахарэвіч: Скажу шчыра, усё так і застаецца. Усё роўна я лічу, што нічога лепшага за «Сабакаў» я пакуль што не напісаў. Я ня ведаю, які яшчэ сэнс ёсьць у маім жыцьці, апрача таго, каб пісаць кніжкі. «Сабакі Эўропы» — гэта зусім іншая кніга, трэба неяк яе пераадолець, забыцца пра тое, што яна ёсьць. Паводле свайго ўзроўню «Сабакі» — гэта мая вяршыня, і я не магу сказаць, ці змагу я яшчэ калі-небудзь яе дасягнуць. Але я ўсё роўна паспрабую.

Я ўжо пішу новы вялікі раман, я проста не ўяўляю сабе, як можна жыць інакш — я гавару са сьветам сваімі тэкстамі. Калі я перастану зь ім гаварыць, тады я проста страчу зь ім усялякую сувязь. І новы раман, які я цяпер пішу, ужо вымалёўваецца, памерам ён большы за «Апошнюю кнігу пана А.».

Максімюк: Я хацеў закончыць размову пытаньнем пра пляны на будучыню, але Альгерд ужо сам на яго адказаў. Тады запытаюся пра іншае. «Апошняя кніга пана А.» — гэта вынік супрацоўніцтва двух выдавецтваў: Андрэя Янушкевіча ў Менску і выдавецтва «Вясна» ў Празе. І Сяргей — ня толькі рэдактар гэтай кнігі, але, можна сказаць, і выдавец, ну або прынамсі мае да выдавецтва значна большае дачыненьне, чым хто іншы. Што стаіць за ідэяй выдаць кнігу адразу двума выдавецтвамі — менскім і праскім?

Шупа: Калі мы выдаем кнігі ў выдавецтве «Вясна», мы кантралюем вельмі важныя для нас рэчы — афармленьне, паліграфію, а галоўнае — тэрміны выдавецкага працэсу. Тое, ад чаго залежыць, як хутка кніга трапіць да чытача. З другога боку, як бы хутка мы ўсё ні зрабілі, выдавецтва «Вясна» ня можа проста так прадаваць свае кнігі ў Беларусі, для гэта патрэбны беларускі партнэр, каб кніга лічылася ў тым ліку і беларускай і прадавалася ва ўсіх беларускіх кнігарнях.

З Андрэем Янушкевічам мы ўжо мелі пазытыўны досьвед — так супольна мы ўжо выдалі кнігу Кульбака. У выніку выходзіць такое супрацоўніцтва: мы максымальна хутка рыхтуем кнігу на творчай стадыі, а на вытворчай яе ўжо бярэ пад сваю апеку наш менскі партнэр.

І ў гэтым выпадку нам усё добра ўдалося: Альгерд здаў рукапіс на рэдактуру ў сярэдзіне лютага, і вось яшчэ нават не сярэдзіна чэрвеня, а кніга ўжо гатовая. Увесь працэс заняў менш, чым чатыры месяцы. Ці ў цябе, Альгерд, хоць нейкая кніга выходзіла так хутка?

Бахарэвіч: Не, такое здарылася ўпершыню. Я вельмі ўдзячны за гэта маім выдаўцам.


Літаратура — занятак для сьмелых і вельмі ранімых людзей

Максімюк: Я так разумею, што наступны раман, які ты пішаш — яшчэ таўсьцейшы за «Апошнюю кнігу» — таксама выйдзе пад маркай гэтых выдавецтваў?

Бахарэвіч: Я спадзяюся на гэта. Але пакуль «Апошняя кніга пана А.» не прадасца, я ня буду лезьці да выдаўцоў з новымі прапановамі.

Максімюк: У мяне канцэптуальныя пытаньні ўжо скончыліся. Калі мы яшчэ нешта важнае не закранулі, дык цяпер самы час.

Шупа: Альгерд, што табе ў новай кнізе самае важнае і дарагое? Думка, ідэя, мэсыдж, герой? Калі бяз спойлераў...

Бахарэвіч: Мой апавядальнік, пан А., дзеліцца вельмі інтымнымі аўтарскімі перажываньнямі. Ён расказвае, прызнаецца, як гэта выглядае з боку аўтара — пісаць і залежаць ад ацэнкі іншых. Наколькі гэта мучыць, наколькі абумоўлівае тваё жыцьцё, наколькі гэта ўплывае на кожную хвіліну твайго жыцьця, на твой сон, на тваё фізычнае самаадчуваньне. Кніга насамрэч атрымалася вельмі-вельмі шчырая, для мяне гэта, можа быць, не зусім тыпова, не зусім уласьціва мне — настолькі агаляць сваю аўтарскую асобу.

Шупа: Фактычна гэта кніга пра прыроду літаратурнай творчасьці?

Бахарэвіч: У тым ліку і пра гэта. Маёй задачай не было, каб казачнік напісаў трыццаць ідэальных тэкстаў. Ён там мусіў і памыляцца, і часам пісаць ня надта ўдалыя тэксты, дзесьці прамахвацца міма жанру, ёсьць там у яго і памылкі. Гэтая кніга адлюстроўвае цалкам ягоную эвалюцыю як літаратара, ягоны і толькі ягоны асабісты шлях. Так, для маладога аўтара гэта нават будзе і карысна — паглядзець на прыроду пісьма і пазнаць у гэтым галоўным героі сябе.

Але і для чытачоў, думаю — гэта ўсё ж казка, там мусіць быць свая мараль, і адна з так званых мараляў гэтай кнігі — гэта каб і чытач задумаўся, наколькі гэта ўсё ж балючы працэс і наколькі трэба быць далікатным і, можа быць, штосьці дараваць, калі мы ацэньваем літаратара, апавядальніка, ацэньваем такую інтымную рэч, як кнігі.

Я заўсёды страшна хвалююся, калі чытаю нейкую «жорсткую» крытыку якой-небудзь кнігі, таму што я цалкам разумею, што стаіць за гэтай кнігай, колькі там болю, колькі перажываньняў, колькі адвагі, якой бы яна ні была па сваім літаратурным узроўні. Літаратура — занятак для сьмелых і адначасова вельмі ранімых. Я стараюся пра гэта памятаць.

Ну і надзея. Надзея ў гэтай кнізе сапраўды вельмі прыгожая — галоўныя героі кнігі застаюцца зь людзьмі, нягледзячы на катастрофу, застаюцца са сваімі чытачамі, якімі б гэтыя чытачы ні былі. І гэта ставіць кропку ў канфлікце. Іншых чытачоў і іншых пісьменьнікаў у гэтай літаратуры і гэтай мовы няма. І мы мусім неяк жыць разам — калі не ў сяброўстве, дык у сымбіёзе.

Ян Максімюк, Сяргей Шупа, svaboda.org