Алесь Суша: З Рыгі ў Мінск прыбудзе ўнікальны рукапіс Статута ВКЛ

Адкрыццё выставы адбудзецца 16 сакавіка а 16-й гадзіне ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Уваход вольны.

Гэтую цудоўную навіну паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку Аляксандр Суша – дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Прыводім тэкст навіны цалкам.

“Нездарма мы наладжвалі сувязі з калегамі з Латвіі, нездарма паездкі, шматлікія сустрэчы, перамовы! Да Дня Канстытуцыі з Рыгі ў Мінск прыбудзе ўнікальны рукапіс Статута ВКЛ, які меў афіцыйнае выкарыстанне на тэрыторыі Інфлянтаў (сёння Латвія). Але паколькі мясцовы набілітэт славянскія мовы ведаў не вельмі добра, то Статут пераклалі на нямецкую мову. Дадзены рукапіс ніколі раней нідзе не экспанаваўся. Ён дазволіць, так бы мовіць, закрыць гештальт са Статутам.


01-89468569_1501154210043568_2831931989932638208_o.jpg


Мы ўсе ведаем, што Статут ВКЛ з'яўляецца адным з першых у свеце кадыфікаваных збораў законаў, які мае асновы канстытуцыйнага права. Менш вядома, што старажытная беларуска-літоўская Канстытуцыя была перанятая многімі іншымі народамі і стала асновай прававой сістэмы розных краін. Статут ВКЛ 1588 г. выкарыстоўваўся пры кадыфікацыі прускага права ў канцы XVI ст., складанні Саборнага ўлажэння 1649 г. у Расіі, быў пісьмовым зводам дзеючага права і ўжываўся ў судах на тэрыторыі Літвы, Латвіі, Польшчы, Расіі, Украіны, Эстоніі.

З гэтай мэтай Статут перакладаўся на замежныя мовы, на якіх таксама меў афіцыйнае выкарыстанне. Так, у XVIІ–ХІХ стст. ён быў перакладзены на рускую, украінскую, нямецкую, французскую, лацінскую мовы. Фактычна, ён стаў правобразам еўрапейскай Канстытуцыі, пабудаванай на прынцыпах дэмакратыі, роўнасці, справядлівасці, вяршэнства права.

Вось з гэтай мэтай у Беларусь едзе амаль нікому не вядомы спіс Статута ВКЛ 1588 г. у перакладзе на нямецкую мову пачатку ХVIІІ ст. са збору адной са старэйшых бібліятэк Еўропы – Акадэмічнай бібліятэкі Латвійскага ўніверсітэта. Ён з’яўляецца сведчаннем афіцыйнага выкарыстання беларуска-літоўскай протаканстытуцыі на землях Латвіі і сведчыць пра старажытныя культурныя, эканамічныя і палітычныя сувязі нашых народаў. У сувязі з гэтым выказваю шчырую ўдзячнасць усім, з кім мы абмяркоўвалі і рыхтавалі дадзенае мерапрыемства. Найперш, Вэнце Коцэрэ (Venta Kocere), дырэктару Акадэмічнай бібліятэкі Латвійскага ўніверсітэта, дыпламатам абедзюх краін і ўсім-усім-усім.

Таксам на выставе можна будзе пабачыць друкаваныя асобнікі Статута XVIІ–XIX стст. з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі на іншых еўрапейскіх мовах, якія сведчаць пра шырокі ўплыў беларускай прававой культуры на фарміраванне міжнароднага канстытуцыйнага заканадаўства”.

Алесь Суша