Агнешка Рамашэўска: мы на «Белсаце» абясшкоджваем міны

Мы сустракаемся ў кватэры вашых бацькоў, якія ў часы сацыялістычнай Польшчы стварылі падпольную радыёстанцыю і дапамагалі тым, каго пераследавалі ўлады. Калі напачатку 1980-х прыйшлі арыштаваць бацькоў, іх не аказалася ўдома, і затрымалі вас. Вы правялі ў няволі 5 месяцаў.

Гэта адбылося, калі мы жылі ў іншай кватэры. Памятаю, аднойчы мы заўважылі, што з нашага вялікага пакою ажно да будынку па другім баку вуліцы працягнуты кабель. І толькі праз шмат гадоў мы даведаліся, што гэта быў кабель для падслухоўвання. Да яго былі падключаныя мікрафоны, схаваныя ў вентыляцыі.

У доме насупраць мы не раз бачылі мужчыну, які ўвесь час за намі сачыў. Памятаю, мы з мужам акурат перасяляліся ад бацькоў і ўсю ноч пакаваліся. І ўсю ноч у вакне насупраць гарэла святло. Бедныя людзі: яны ўвесь час мусілі за намі назіраць, ні хвіліны спакою! Гэта была сярэдзіна 1980-х.


02-DZD_8728.jpg

Агнешка Рамашэўска паказвае свой здымак у мабільным тэлефоне. Фота Дзяніса Дзюбы


Аказалася, што з 1977 году ў нас сапраўды было так званае «ПП», то бок праслухоўванне памяшканняў. Гэта нам пацвердзілі ў Інстытуце нацыянальнай памяці (інстытуцыя ў Польшчы, займаецца люстрацыяй – рэд.), які здабыў дакументы сацыялістычных спецслужбаў. Канешне ж, у нас удома ўсе мелі на ўвазе, што такое можа быць. Таму калі бацькі размаўлялі на сур’ёзныя тэмы, то прозвішчы, адрасы ды іншыя важныя рэчы пісалі на аркушыку, каб не казаць услых.

Няўжо ўсе размовы запісваліся?

Так, але калі там не было нічога цікавага, іх знішчалі. У справаздачах пісалі нешта накшталт: «Аб’ект рыхтуецца да выезду. Вроцлаўскае аддзяленне МУС атрымала інфармацыю». Таму калі я еду ў Беларусь, то добра ўсведамляю, што гэта страшна нязручна – усё запар запісваць. Любыя спецслужбы заўсёды аддавалі перавагу інфарматарам.


03-Agnieszka_1-wrzesnia-1968-I-klasa-b.jpg

Першы дзень школы. Фота з архіву сям’і Рамашэўскіх


Шлюб вы таксама бралі ў палявых умовах. Будучага мужа, які трапіў у няволю за апазіцыйную дзейнасць, выпусцілі ўсяго на тры дні. У вас застаўся здымак з вяселля?

Толькі адзін. Мы бралі шлюб у адным з варшаўскіх ЗАГСаў пад наглядам вялікай колькасці супрацоўнікаў спецслужбаў. Яны спадзяваліся, што прыйдуць мае бацькі (якім доўгі час удавалася хавацца ад арышту – рэд.). Думаю, што гэта была адна з прычынаў, чаму мяне саму вызвалілі з-пад арышту. Бацькоў на шлюбе не было. Прыйшлі блізкія сваякі.

Зрэшты, мы не хацелі, каб было шмат гасцей, бо Ярэка выпусцілі ўсяго на 3 дні. Нават не памятаю, што мы елі на святочным абедзе. Мы хутка адтуль уцяклі. А здымак зрабіў наш знаёмы. Я была ў звычайнай летняй сукенцы, муж у кашулі. У Службе бяспекі было яшчэ відэа з нашага шлюбу – нас увесь час здымаў нейкі дзіўны мужчына. Але гэтага фільму мы гэтак ніколі і не пабачылі.


04-570F9EF3-4CE9-4C06-BF39-BCCF52ED50FF.jpg

Бабуля Зоф’я і дзядуля Юзаф Рамашэўскія незадоўга да пачатку другой сусветнай вайны. Фота з архіву сямʼі Рамашэўскіх


Наколькі глыбока вы ведаеце свае карані?

Найбольш ведаю пра родных з боку дзядулі маці. Сямʼя Праўсаў імаверна прыехала ў Польшчу з Чэхіі. Першая асоба, якая фігуруе ў дакументах к. XVIII – пач. XIX ст. – Леапольд Праус (Leopold Prauss). Ён кіраваў маёнткамі ў Айцове пад Кракавам.

Цікавая гісторыя звязана з ягоным сынам, які браў удзел у антырасейскім паўстанні 1830-1831 гг. і быў паранены. Знаходзячыся ў хаце мясцовага загадчыка турмы Сакалоўскага, ён умудрыўся закахацца ў ягоную 16-гадовую дачку Касільду. Бацька не даваў дазволу на шлюб, і яны ўцяклі. Па метрыках можна прасачыць, што ў іх нарадзілася двое дзяцей да шлюбу, які яны змаглі ўзяць толькі пасля смерці Сакалоўскага. Касільда была бабуляю майго прадзеда.


05-10835175_323067667879588_6920932606862492475_o.jpg

Злева направа – прадзед Францішак Ксавэры Праус (Franciszek Ksawery Prauss), пісьменнік Анджэй Струг з жонкаю Ханаратай і гураль. Фота з архіву сям’і Рамашэўскіх


Арыстакратаў сярод маіх продкаў няма. У асноўным, інтэлігенцыя. Той першы прашчур быў кіраўніком маёнтку. Ягоны сын – паўстанец – інжынерам, будаваў між іншым, Берасцейскі тракт. Бацька майго прадзеда працаваў інжынерам на чыгунцы ў Расеі. Адна з сясцёр майго прадзеда нарадзілася ў Гомлі (пра гэта я нядаўна даведалася), а другая ў Пецярбургу. З увагі на прафесію, сям’я шмат падарожнічала. Прадзед быў настаўнікам і прыродазнаўцам.

То бок, ніякіх «усходніх» каранёў. Тады адкуль вашая цікавасць да Беларусі?

Сям’я з боку бацькі, хутчэй за ўсё, адтуль паходзіць. Прозвішча Рамашэўскі найчасцей можна сустрэць на Віленшчыне і Гарадзеншчыне. Прадзед вельмі рана памёр. Дзед быў тады яшчэ зусім малым хлопцам. І гэтая памяць, якая пераказвалася з пакалення ў пакаленне перарвалася. Таму мы не ведаем дакладна, адкуль паходзяць Рамашэўскія. І мае сваякі ніколі не ўсведамлялі, што могуць мець нейкія сувязі з усходам.


06-DZD_8889.jpg

Прадзед кіраваў полкам у Бранску. Сям’я аддала яго ў кадэцкі корпус, бо дзякуючы гэтаму можна было ўратаваць маёнтак, які мелі адабраць пасля паўстання 1863 г. Толькі ў 45 год ён змог вярнуцца на Радзіму, дзе адразу і ажаніўся. Фота Дзяніса Дзюбы


Беларусь у маім жыцці з’явілася дзякуючы выпадку. Усё пачалося ў 2005 годзе з канфлікту вакол Саюзу палякаў. Я тады працавала на Польскім тэлебачанні. І не было каму паехаць, а ў мяне якраз была акрэдытацыя.

У беларусаў і палякаў мноства тэмаў, на якія можна паспрачацца. На «Белсаце» пачала выходзіць праграма «Intermarium», у якой навукоўцы з Беларусі ды суседніх краінаў падымаюць самыя балючыя тэмы нашай супольнай гісторыі. Можа прасцей было б забыцца пра гэтыя ўзаемныя крыўды і спакойна будаваць адносіны паміж народамі?

Некаторыя тэмы не ўдасца замесці пад дыван. Іх можна абмяркоўваць на падставе ўзаемных крыўдаў узгадваючы, хто і каго не любіць, хто і што пра гэта памятае, хто што сказаў, пра каго і чаму. А можна – на падставе ведаў. Я лічу, што наша тут – роля сапёра, які, як вядома, абясшкоджвае міны. Бо, таму, хто наступіць на міну, у лепшым выпадку адарве нагу.

9 траўня ў эфір выходзіць серыя, прысвечаная партызанскаму руху ў Беларусі падчас Другой сусветнай вайны. Палякі змагаліся супраць немцаў у антысавецкай Арміі Краёвай, беларусы – пераважна на баку СССР. І гэтага палякі дараваць не маглі…

Мы глядзім на гісторыю праз прызму сучаснасці. Нам падаецца, што людзі 60 або 160 гадоў таму думалі гэтак жа, як мы сёння. Калі вядзецца пра АК, то вядома, што польскі пункт погляду тут будзе адрознівацца ад беларускага. І абодва бакі маюць права на сваё меркаванне.

Гэтаму падыходу мяне навучыла пані Часлава, якой ужо няма сярод нас. Гэта ёй я хацела б прысвяціць гэту праграму. Яна дапамагала мне, калі я прыехала ў Горадню (у 2005 г., падчас канфлікту вакол Саюзу палякаў – рэд.). Яна была вельмі адважным чалавекам. Калі трэба было збіраць подпісы за Пазняка, то яна іх збірала. Нават калі ўжо не магла хадзіць, то на каленках забіралася на верхнія паверхі, каб дагрукацца да людзей.


07-pawel-mazejka.jpg

Вядоўца праграмы «Intermarium» Павел Мажэйка. Фота belsat.eu


І калісьці Павел Мажэйка, які цяпер вядзе «Intermarium», запытаў: «Пані Часлава, а ваш брат у якім партызанскім руху быў?». І аказалася, што ён ваяваў у Арміі Краёвай. А яна была сапраўднай беларускай патрыёткай. У яе ўвесь дом быў бел-чырвона-белымі сцягамі завешаны…

Інга Астраўцова, “Белсат”



Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение