Адпачынак у Чарнагорыі адкладаецца да 1 ліпеня. Пакуль беларусаў прымае толькі Альбанія

Чартэрная праграма ў Чарнагорыю пачнецца ад 1 ліпеня. Пра гэта Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый паведамляе са спасылкай на кансалідатара рэйсу кампанію «Аэратрэвэл».

На падставе нарматыўных актаў Беларусі і Чарнагорыі замоўнікам рэйсу прынята рашэньне чартэрную праграму ў Ціват перанесьці на 1 ліпеня. Раней беларускія турапэратары мелі намер пачаць сэзон 16 чэрвеня.

Аднак тэрміны старту праграмы давялося зрушыць. Чарнагорыя адкрыла межы зь першага дня лета для грамадзян 130 краінаў сьвету. Для ўсіх астатніх Адрыятычнае ўзьбярэжжа стане даступным 1 ліпеня — і то пры ўмове прымальнага эпідэмічнага становішча.

На гэты момант Чарнагорыя зьяўляецца краінай, вольнай ад каранавірусу — тут няма ніводнага носьбіта інфэкцыі COVID-19. А вось Беларусь, наадварот, сярод эўрапейскіх лідэраў у тэмпах прыросту хворых на душу насельніцтва.

Пакуль што гатовасьць прымаць беларусаў выказала толькі Альбанія. Паводле турапэратараў, квіткі на першы авіярэйс, заплянаваны зь Менска на 12 чэрвеня, раскупілі за некалькі гадзінаў.

svaboda.org