Ад лютага 2020 году шэнгенская віза падаражэе да 80 эўра. А для беларусаў?

З 2 лютага 2020 году за атрыманьне шэнгенскай візы давядзецца плаціць 80 эўра. Рашэньне Рады Эўразьвязу аб зьменах у Візавы кодэкс апублікавана ў афіцыйным часопісе ЭЗ, паведамляе Tut.by.

Сёлета ў лютым Эўрапарлямэнт і Рада Эўразьвязу дасягнулі папярэдняга пагадненьня ў прапанове Камісіі мадэрнізацыі візавай палітыкі. Акрамя палёгкі ў працэдуры атрыманьня візы, зьмены прадугледжвалі і яе падаражаньне з 60 да 80 эўра.

Такім чынам, Рада Эўразьвязу канчаткова прыняла зьмены ў Візавы кодэкс. Згодна з правіламі, зьмены набудуць моц праз паўгода пасьля апублікаваньня ў афіцыйным часопісе.

Доўгія перамовы аб візах

Перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму паміж Беларусьсю і Эўразьвязам вядуцца з 2014 году. На пачатку ліпеня ў інтэрвію Tut.by кіраўніца прадстаўніцтва ЭЗ Андрэа Віктарын заявіла, што ўсе кансультацыі завершаныя, супярэчнасьцяў няма, тэкст узгоднены.

Цяпер Менск і Брусэль павінны правесьці дакумэнты праз унутрыдзяржаўныя працэдуры, працэс можа заняць да 3 месяцаў. Затым бакі выйдуць на падпісаньне выніковых дакумэнтаў. Чакаецца, што пасьля ратыфікацыі пагадненьня шэнгенская віза для беларусаў будзе каштаваць 35 эўра.

svaboda.org паводле tut.by