Кангрэс беларусістаў пройдзе пад знакам Скарыны

Больш за 130 навукоўцаў з Беларусі і замежжа, якія даследуюць беларускую мову, літаратуру, культуру і гісторыю, збяруцца на розных пляцоўках Мінска, каб падзяліцца вынікамі сваіх даследаванняў. 27–29 траўня ў Мінску пройдзе VI Міжнародны кангрэс беларусістаў.

Ідэйным стрыжнем кангрэсу стане скарыназнаўства. Група беларусістаў на чале з Адамам Мальдзісам вынесе на публічнае абмеркаванне тэму кананізацыі беларускага першадрукара.

Як кажа сябра арганізацыйнага камітэту, старшыня рэспубліканскага аддзялення Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ірына Багдановіч, беларуская мова і культура застаюцца актуальнымі тэмамі для даследчыкаў з розных краін, але агульны заняпад беларускай мовы ў Беларусі адбіваецца і на беларусістыцы.

— Чым будзе адметны шосты Міжнародны кангрэс беларусістаў, які 27 траўня пачынаецца ў Мінску?

— Найперш тым, што яго стрыжнем, яго цэнтральнай навуковай тэмай будзе скарыназнаўства. Напярэдадні велічнага юбілею — 500-годдзя беларускага ўсходнеславянскага кнігадрукавання — такое рашэнне прыняў аргкамітэт кангрэсу. Разам з тым, як і раней, гэты кангрэс аб’ядноўвае шырокае кола навукоўцаў з Беларусі і іншых краін у галіне гуманітарных ведаў — мовазнаўства, літаратуразнаўства, культуралогіі, гісторыі. Гэтыя дысцыпліны шырока прадстаўленыя ў блоках форуму, даклады ў якіх будуць прысвечаныя найбольш актуальным праблемам сучаснай беларусістыкі, таму, як яна развіваецца, таму, што прываблівае ўвагу сучасных даследчыкаў. На маю думку, кангрэс будзе сведчыць пра тое, што беларусістыка моцна трымае свае навуковыя карані і развіваецца.

— На кангрэсе будзе абмяркоўвацца прапанова Адама Мальдзіса далучыць Францішка Скарыну да ліку святых. Ці папулярная ў акадэмічных колах тэматыка, звязаная з яго жыццём і дзейнасцю?

— Скарыназнаўчая тэматыка вельмі папулярная з даўніх часоў ва ўсім свеце, але найперш — у еўрапейскіх даследаваннях. У Беларусі — гэта адна з цэнтральных тэмаў, постаць Скарыны і яго дзейнасць у цэнтры ўвагі акадэмічных даследчыкаў. Гэта правільна, бо Скарына — постаць Рэнесансу, чалавек, які даў друкаваную Біблію свайму народу, працягнуў справу вялікіх асветнікаў Кірыла і Мяфодзія. Скарына — гэта светлы стрыжань Беларусі і гарантыя таго, што беларусістыка ёсць і будзе актуальнай у свеце. Што тычыцца кангрэсу, то на ім будзе працаваць круглы стол, прысвечаны скарыназнаўству. Сярод іншых будзе разглядацца тэма кананізацыі Скарыны. Гэтае пытанне актыўна ставіцца колам навукоўцаў на чале з Адамам Мальдзісам. Вядома, працэс беатыфікацыі — гэта справа не свецкіх людзей. Тым не менш гэтая тэма будзе прагаворвацца падчас кангрэсу.

— Якім чынам уплывае на развіццё беларусістыкі той стан беларускай мовы, у якім яна існуе ў грамадстве?

— Безумоўна, ёсць вялікая сувязь. Звужэнне пляцоўкі беларускай мовы ў грамадстве адбіваецца на дзейнасці міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, вельмі яе ўскладняе і звужае. Тут прычына і наступствы відавочныя. Але нават у гэтых умовах Міжнародная асацыяцыя беларусістаў працуе, і мы, як магчыма, стараемся развіваць беларусістычную дзейнасць.

— Які час быў найбольш спрыяльны для беларусістыкі?

— Вядома, у 90-я гады сітуацыя была значна лепшая. Тады існаваў Скарынаўскі цэнтр, які фактычна быў міжнародным цэнтрам беларусістыкі, базавай пляцоўкай, дзякуючы якой дзейнасць беларусістаў была шырэйшая. Цяпер мы ў больш складанай сітуацыі аказваемся. Але хочацца спадзявацца, што гэта часовая з'ява і што дзейнасць беларусістаў, а таксама іншых людзей, якія любяць і падтрымліваюць беларускую мову, прынясе плён. Спадзяюся, што гэтую сферу яшчэ чакае новы ўздым. Мяне як літаратуразнаўцу вельмі цешыць, што на кангрэсе актуальныя блокі, звязаныя з літаратуразнаўствам. Будзе пастаўлена пытанне пра стварэнне новай гісторыі літаратуры, пра новыя падыходы да асэнсавання літаратурнай спадчыны, пра феномен літаратуры 19-га стагоддзя, пра нацыянальную свядомасць у кантэксце літаратуры.

— Колькі навукоўцаў бяруць удзел у кангрэсе і адкуль яны?

— Заяўку на ўдзел падалі 133 даследчыкі. Досыць шырока прадстаўлена Беларусь — найперш ВНУ, гэта тыя асяродкі, дзе робяцца даследаванні. Сярод краін, адкуль прыехалі навукоўцы, — Польшча, Нямеччына, Вялікабрытанія, Вугоршчына, Літва, Украіна, Расія. На жаль, нікога не будзе з ЗША, хоць там ёсць цэлы шэраг вядомых беларусістаў. Затое будуць сусветна вядомыя даследчыкі Джым Дынглі і Арнольд Макмілін з Вялікабрытаніі, Андраш Золтан з Вугоршчыны, Рышард РадзікЛена ГлагоўскаяЯўген Мірановіч,Катажына Вашчынская з Польшчы. Апошнім часам вельмі паспяхова развіваюцца кантакты беларускіх даследчыкаў і навукоўцаў з Альдэнбурскага ўніверсітэта ў Нямеччыне, адкуль таксама прыедуць некалькі чалавек. Такім чынам, ёсць падставы казаць, што, нягледзячы на складанасці, найперш што да стану беларускай мовы ў краіне, у сусветным маштабе ёсць да яе ўвага.