Выйшла аўдыёкніга з голасам і запаветам Генадзя Бураўкіна

Навіна для ўсіх прыхільнікаў творчасці Генадзя Бураўкіна, хто любіць і памятае Народнага Паэта.

Студыя «Гукапіс» кампаніі «ПРАСТОРА БАЙ» сумесна з Саюзам беларускіх пісьменьнікаў і «Арт-Сядзібай» выпусьціла аўдыёкнігу Генадзя Бураўкіна ў сэрыі «Голас Паэта» з запісамі вершаў розных гадоў, а таксама паэмаў «Хатынскі снег» і «Узнясенне» ў аўтарскім выкананні - амаль тры гадзіны. Падрыхтавалі аўдыёкнігу Алесь Калоша і Валер Мазынскі.

«Да тых, хто застанецца, у мяне адна вялікая просьба: берагчы Беларусь, прадаўжаць тое, што зрабілі і недарабілі яе сыны лепшыя. І спадзявацца, што ўсе мы — і тыя, што былі, і тыя, што будуць, і тыя, што ёсць, — усе мы вечныя. Вечныя ў нашай мове, вечныя ў нашай гісторыі, вечныя ў беларускай зямлі, у беларускім слове»

Генадзь Бураўкін, 20 мая 2014

Паэт Генадзь Бураўкін, сябра незалежнага Саюза пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра, памёр 30 мая 2014 у Мінску на 78 годзе жыцця.

Новую аўдыёкнігу можна атрымаць бясплатна. Як — паведамляе сайт prastora.by.