Стаць грамадзянінам Беларусі будзе лягчэй

Атрымаць беларускае грамадзянства цяпер стане лягчэй. Гэта вынікае з тых паправак да закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь», які сёння прынялі ў першым чытанні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Галоўная навацыя ў змяненні — гэта спрошчаны парадак атрымання грамадзянства Рэспублікі Беларусь тымі людзьмі, якія раней не з'яўляліся грамадзянамі СССР.

Як патлумачыў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, які прадстаўляў закон, грамадзяне, якія нарадзіліся пасля распаду Савецкага саюза, нарадзіліся па-за межамі Рэспублікі Беларусь, але маюць этнічныя беларускія карані, цяпер, калі гэта папраўка да заканадаўства запрацуе, змогуць атрымаць беларускае грамадзянства ў спрошчаным парадку.

Таксама прэтэндаваць на беларускае грамадзянства змогуць дзеці, якія нарадзіліся ў Рэспубліцы Беларусь ад бацькоў без грамадзянства.

Законапраектам таксама ўстаноўлены так званы цэнз аседласці. Гэта азначае, што для таго, каб хадайнічаць аб атрыманні беларускага грамадзянства, чалавеку трэба пражыць без выезду на тэрыторыі Беларусі не менш за 7 гадоў.

Адказваючы на пытанне дэпутатаў, Ігар Шуневіч сказаў, што гэтыя змены ўводзяцца для таго, каб павялічыць колькасць грамадзян Рэспублікі Беларусь, асабліва тых, хто мае этнічныя беларускія карані.

Міністр унутраных спраў сказаў, што ў Беларусі Аляксандр Лукашэнка кожны квартал падпісвае ўказ аб набыцці замежнымі грамадзянамі грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Звычайна ў такім указе прыкладна 100 прозвішчаў. Прычым выходзяць з беларускага грамадзянства ў паўтара разы меней, чым жадаюць яго набыць.

Пераважна хадайнічаюць аб набыцці беларускага грамадзянства людзі, якія нарадзіліся на тэрыторыі былога СССР. «Зараз акцэнт, з вядомых вам усім прычын, перамясціўся ва Украіну», — адзначыў Ігар Шуневіч.

Уладзімір Глод, "Радыё Свабода"