Рыцар беларушчыны

Пісьменнік Уладзімір Арлоў пра памерлага гісторыка Анатоля Грыцкевіча.

«Смерць Анатоля Грыцкевіча — вельмі цяжкая навіна для мяне. Здаецца, усё жыццё я быў знаёмы з ім, з тых гадоў, як я адчуў сабе беларусам. Мы жылі па суседстве, і мне часта даводзілася бываць у Анатоля Пятровіча. Ён быў рэцэнзентам кніг, якія вельмі важныя для мяне — «Краіна Беларусь» і «Вялікае Княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя». Ён вельмі цешыўся, калі ўзяў у рукі кнігу «Вялікае Княства Літоўскае» і англамоўны пераклад кнігі «Краіна Беларусь».

Грыцкевіч вельмі годна рэпрэзентаваў беларускую гістарычную навуку ў Еўропе і свеце. Ён увёў у гістарыяграфію азначэнне Рэчы Паспалітай як федэрацыі дзвюх раўнапраўных дзяржаваў — нашай старажытнай краіны Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы. Спадар Анатоль не раз выступаў на міжнародных канферэнцыях у Лондане, Рыме, Парыжы, Будапешце, Санкт-Пецярбургу, дзе нязменна выказваў свой погляд на гісторыю Беларусі як самастойнай еўрапейскай дзяржавы і народа, са сваёй мовай і культурай, якому належала вызначальная роля ў стварэнні і развіцці Вялікага Княства Літоўскага.

Анатоль Грыцкевіч — аўтар шасці манаграфій і больш чым тысячы навуковых публікацый. У 2012 годзе ў серыі «Беларускі кнігазбор» выйшаў том ягоных выбраных працаў.

Апошняя кніга, над якой мы працавалі разам, былі «Сцягі Воршы», прысвечаныя 500-годдзю славутай перамогі нашых продкаў над маскоўскімі захопнікамі. Гэтая кніга адкрывае серыю «Славутыя бітвы». Ён быў аўтарам кнігі, а я — рэдактарам і аўтарам прадмовы, у якой не мог не згадаць: Анатоль Грыцкевіч знайшоў у Метрыцы Вялікага Княства Літоўскага, што ягоны далёкі продак, баярын Юхно Грыцкевіч, удзельнічаў у той бітве і вярнуўся пераможцам. Анатоль Пятровіч быў годным нашчадкам таго рыцара, ён сам быў рыцарам у навуцы і грамадскім жыцці Беларусі.

Паводле сваёй першай вышэйшай адукацыі Анатоль Грыцкевіч быў доктарам, ён скончыў медінстытут і нейкі час працаваў па спецыяльнасці. Але я сказаў бы, што ён заставаўся лекарам усё сваё жыццё, лекуючы беларусаў ад гістарычнага бяспамяцтва".

"Радыё Свабода"

Смуткуем з нагоды смерці Анатоля Грыцкевіча