У судзе над кнігарняй «логвінаЎ» абвешчаны перапынак да 9 студзеня

5 студзеня ў Эканамічным судзе Мінска распачаўся працэс над кнігарняй «логвінаЎ». 

Пасяджэнне, падчас якога падатковая служба выставіла прэтэнзіі ўласніку кнігарні Ігару Логвінаву, доўжылася каля 50 хвілін. Яно праходзіла ў кабінеце суддзі Сяргея Кулакоўскага, таму змясціцца там маглі толькі 2—3 чалавекі з прысутных.

Падтрымаць уласніка кнігарні прыйшлі каля трыццаці чалавек, сярод іх выдатны пісьменнік Уладзімір Арлоў, перакладчык Лявон Баршчэўскі, прадстаўнік грамадскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў. 

У судзе абвешчаны перапынак да пятніцы, 9 студзеня. 

У судзе разглядацца адміністратыўная справа па незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці кнігарні «логвінаЎ». Па словах Ігара Логвінава, яму пагражае штраф у 500 базавых велічынь (90 мільёнаў рублёў) з канфіскацыяй даходу, атрыманага ў выніку такой дзейнасці, альбо без канфіскацыі, альбо з пазбаўленнем права займацца вызначанай дзейнасцю.

Культавы інтэлектуальны адрас беларускай сталіцы аказаўся пад пагрозай знікнення.

Пазапланавая падатковая праверка прыйшла ў кнігарню «логвінаЎ» у пачатку снежня. Памяшканне апячаталі, а дакументацыю ўзялі на вывучэнне. Па выніках праверкі кнігарню распячаталі. Але вынеслі суровае пакаранне за працу без ліцэнзіі Міністэрства інфармацыі. Па выніках праверкі кнігарню аштрафавалі амаль на 1 мільярд рублёў.

Сяргей Макарэвіч, фота Сяргея Гудзіліна, nn.by