Псалмы Давіда ў перакладзе айца Надсана выйшлі ўпершыню па-беларуску

Сёння ў Мінску прэзентуюць кнігу «Выбранае» айца Аляксандра Надсана. Упершыню творы айца Аляксандра сабраныя ў адной кнізе.

28 кастрычніка ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай Акадэміі навук адбудзецца прэзентацыя кнігі выбраных твораў айца Аляксандра Надсана.

Кніга выйшла ў выдавецтве «Кнігазбор». Да імпрэзы ў бібліятэцы арганізаваная выстава «Слухай, неба, і пачуй, зямля: з нагоды выдання збору твораў а. Аляксандра Надсана».

Напярэдадні прэзентацыі "Радыё Свабода" пагутарыла з аўтарам кнігі, а таксама з укладальніцай і аўтаркай каментароў Ірынай Багдановіч.

Айцец Надсан: «Мая мара — выдаць усе „Псалмы“ асобнай кніжкай»

Аляксандар Надсан пра прэзентацыю сваёй кнігі «Выбранае» ў Мінску даведаўся ад "Радыё Свабода". Ён быў вельмі крануты і ўзрушаны, найперш выказаў цёплыя словы падзякі Ірыне Багдановіч:

«Ірына — вельмі добрая рэдактарка, проста класная! Я цалкам давяраў ёй, яе ведам, досведу, літаратурнаму густу. І кніга, на маю думку, атрымалася нядрэнная. На жаль, я ўжо не маю той ранейшай энергіі, каб прыехаць у Мінск на імпрэзу — мне ўжо 88 гадоў.

Вельмі цешуся, што ў кнігу ўвайшла частка перакладзеных мною на беларускую мову „Псалмоў“, яны друкуюцца ўпершыню. Мая мара — выдаць усе паўтары сотні „Псалмоў“ па-беларуску».

Ірына Багдановіч: «У творах Надсана агульначалавечыя пытанні быцця, хрысціянскага быцця, ну і, канечне, Беларусь»

— Спадарыня Ірына, я прагледзела бібліяграфію твораў айца Аляксандра Надсана. У асноўным кнігі яго выходзілі ў Лондане. У Мінску — няшмат: штосьці ў Бібліятэцы «Беларускага гістарычнага агляду», у выдавецтве «Тэхналогія». Гэта першы такі грунтоўны збор твораў, выдадзены ў Беларусі?

— Так, гэта першы збор твораў айца Аляксандра, сабраны ў адной кнізе. Вядома, гэта не поўнае выданне, мы не маглі ўмясціць усіх працаў айца Аляксандра. Але, на маю думку, галоўныя ягоныя творы, якія адлюстроўваюць беларускае рэлігійнае пісьменства, гісторыка-культурныя падзеі Беларусі, постаці рэлігійных дзеячаў, ягоныя казанні, пасланні пастырскія, пераклады, то бок рознабаковы спектр дзейнасці айца Аляксандра — літаратурны, публіцыстычны, святарскі — прадстаўлены на сённяшні дзень найбольш поўна. Бо творчасць айца Надсана раскіданая па розных выданнях, па перыёдыцы. Так, у Беларусі выходзілі творы ў бібліятэцы «Беларускага гістарычнага агляду», выходзіла асобна кніга, прысвечаная біскупу Чэславу Сіповічу. Але ў новым выданні мы стараліся падаць асобу Надсана як духоўнага пісьменніка, святара, творы якога скіраваныя да ўсіх нас, да людзей свету, якія цікавяцца гісторыяй, культурай беларусаў як прадстаўнікоў еўрапейскай супольнасці. Бо ў яго працах закранаюцца агульначалавечыя пытанні быцця, хрысціянскага быцця, ну і, вядома, Беларусь, беларусы ў свеце, іх няпросты шлях у гісторыі і да сучаснасці. Вядома, мне як укладальніцы хацелася ўсё змясціць, але гэта немагчыма праз абмежаваны аб’ём кнігі.

— Колькі часу прайшло ад нараджэння ідэі да яе ўвасаблення? І ці цяжка было працаваць над кнігай?

— Ідэя ў мяне нарадзілася два гады таму. Але я даволі доўга збіралася з думкамі, рыхтавалася, і паступова ў маёй галаве ўжо склалася канцэпцыя. А шчыльна працаваць я пачала з Новага году. Месяцы чатыры ўкладала, пару месяцаў працавала з выдавецтвам. І вось ужо кніга выйшла.

Я пералапаціла ўсё, што ёсць у беларускіх бібліятэках. Дзякуй Богу, тут ёсць поўны камплект часопіса «Божым шляхам», гэта яшчэ айцец Аляксандар перадаў у дар Цэнтральнай бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук, шмат выданняў я маю ва ўласнай бібліятэцы. Ну, і перагарнула ўсё, што ёсць у бібліятэках краіны. Я адабрала творы, склала план, каб гэта ўсё не хаатычна было прадстаўлена, а сістэмна, у пэўных раздзелах. Напрыклад, «Беларускае рэлігійнае пісьменства. Творы і постаці», «Скарыназнаўства», «Беларуская кніжная культура», «Кнігазнаўства», «Беларускае рэлігійнае і культурнае жыццё. Гісторыя і асобы» — вялікі раздзел, прысвечаны дзеячам беларускага духоўнага і культурнага адраджэння, «Малітвы, казанні і пастырскія пасланні», «Пераклады».

Прадмову да кнігі напісала літаратуразнаўца, даследчыца Лідзія Савік, якая сябруе з айцом Аляксандрам, шмат працавала ў Лондане. А завяршае кнігу верш «Ісьціме...» Рыгора Барадуліна, прысвечаны айцу Аляксандру.

— А ці раіліся вы з самім айцом Аляксандрам Надсанам, ці ўзгаднялі нешта, ці падтрымлівалі, так бы мовіць, творча-працоўныя кантакты?

— Так, канечне. Па-першае, я не магла пачаць гэтую справу без блаславення айца Аляксандра. А сама ідэя стварыць такую кнігу ў мяне ўзнікла яшчэ два гады таму. Я патэлефанавала айцу Аляксандру ў Лондан. Ён паставіўся да маёй прапановы вельмі лагодна, блаславіў. Я памятаю ягоную параду наконт кнігі «Святы Кірыла Тураўскі». Кніга вытрымала тры выданні, была надрукаваная ў беларускім часопісе «Спадчына», і айцец Аляксандар параіў, каб мы ўключылі менавіта трэцяе выданне, і нават даслаў з Лондану асобнічак.

Многае збіралася па перыёдыцы. Мне давялося перагарнуць усе нумары часопіса «Божым шляхам», адабраць найбольш цікавыя артыкулы, прысвечаныя старадаўняму беларускаму рэлігійнаму пісьменству, скарыназнаўству, дзейнасці бібліятэкі імя Францыска Скарыны ў Лондане. Шмат артыкулаў прысвечана дзейнасці беларускай паваеннай эміграцыі, найперш станаўленню беларускага духавенства ў Еўропе — як гэта адбывалася пасля вайны ў Рыме, Лондане, як з'яўляліся місіі ў розных краінах Еўропы. Гэта вельмі важныя вехі жыцця беларусаў, і мы даведваемся пра гэта менавіта з працаў айца Аляксандра. Хацелася, каб усё гэта, сабранае разам, давала такое ўяўленне і досвед сучаснаму беларусу.

Я даведалася, што Надсан завяршыў працу над перакладам псалмоў Давіда, і папрасіла дазволу ў айца Аляксандра ўключыць іх у кнігу. Так што ўпершыню ў ёй надрукаваныя крыху больш за 20 псалмоў (хоць іх усяго 150, праз абмежаваны аб’ём мы не маглі ўключыць больш).

— То бок псалмы Давіда друкуюцца па-беларуску ўпершыню ў перакладзе Надсана?

— Так. Выбраныя псалмы. Але я спадзяюся, што з'явіцца і поўнае выданне псалмоў Давіда ў перакладзе айца Аляксандра Надсана. Гэта вельмі тонкі, вельмі дакладны пераклад на сучасную беларускую мову.

— На каго разлічана выданне?

— Вядома, кніга разлічаная на чытача падрыхтаванага, хаця б у пэўнай ступені. Найперш — на сучасную беларускую культурную эліту, на людзей, якім не чужыя такія з'явы, як нацыянальнае адраджэнне, беларускасць, беларуская мова. Хоць, я думаю, кожнаму чалавеку, душа якога павернутая да беларускай гісторыі, культуры, мовы, будзе штосьці цікавае ў гэтай кнізе. Напрыклад, пастырскія пасланні айца Аляксандра на Каляды, на Божае Нараджэнне, на іншыя святы, малітвы. Мы змясцілі ў кнізе арыгінальныя малітвы Францыска Скарыны ў перакладзе айца Надсана — гэта малітва «Імю Іісусаваму» і «Малітва да найсвяцейшай Багародзіцы і заўсёды Дзевы Марыі з пакорным і скрушлівым сэрцам». Мне здаецца гэтымі малітвамі можна і сёння маліцца. Увогуле, кола чытачоў можа быць даволі шырокае«.


Прэзентацыя кнігі Аляксандра Надсана «Выбранае» адбудзецца 28 кастрычніка а 16-й гадзіне ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі (вул. Сурганава, 15, інфармацыйна-выставачны цэнтар, пакой 110).