Паўтысячы старонак пра шчасце і бяду «Краіны памежжа»

«Краіна памежжа» доктара гістарычных навук з Горадні Алеся Краўцэвіча выйшла ў выдавецтве «Архэ». Гэта 518 старонак выбраных тэкстаў, у якіх аўтар запрашае ў падарожжа ў сівыя вякі, калі пачало будавацца Вялікае княства Літоўскае. Новая кніга агулам прысвечаная нашай Беларусі, краіне на раздарожжы. Гісторык прызнаўся, што будзе яшчэ другі том — з навуковымі працамі.

Спачатку была «Памежная зона»

Алесь Краўцэвіч распавядае, што доўгі час рабочая назва кнігі была «Памежная зона», паколькі ён успрымаў гісторыю нашай краіны праз прызму сітуацыі памежжа паміж цывілізацыямі, паміж палітычнымі сістэмамі, Еўропай і Азіяй, каторай з'яўляецца Расія:

«Але калі кніга рыхтавалася да друку, Валер Булгакаў прапанаваў іншую назву — „Краіна памежжа“. І потым я зразумеў, што ён мае рацыю, што нельга называць такія рэчы словамі з негатыўным адценнем, пасыл павінен быць пазітыўны. Памежжа — там, дзе сутыкаліся ўплывы іншых краінаў.

У першым томе ненавуковыя працы: эсэ, публіцыстыка, рэфлексіі, рэпартажы, папулярныя кніжкі, першы тэкст з 1986 году. Яны друкаваліся ў „ЛіМе“, гучалі на "Радыё Свабода" ў праграме „Дазвол на выезд“. Ёсць тэксты з газеты „Культура“. Многа фотаздымкаў, ёсць сямейныя».

Сам аўтар упершыню ўбачыць апублікаванымі і некаторыя свае рэчы, якія раней не трапілі пад кніжную вокладку. Алесь Краўцэвіч удакладняе:

«Гэта кніжка „Каралеўна мая Гародня“. Калісьці мне замовіў яе Сяргей Плыткевіч і не надрукаваў, прайшло ўжо восем гадоў. Упершыню будзе надрукаваная мая папулярная кніга „Ад Войшалка да Віценя“».

Памежнасць, адрозная ад іншых

Памежныя рэгіёны — не рэдкасць. Чаму Алесь Краўцэвіч лічыць, што беларускі выпадак мае сваю ўнікальнасць?

Краўцэвіч: «Эльзас, Латарынгія — мяжа паміж Нямеччынай і Францыяй, але яны знаходзяцца ў кантэксце заходнееўрапейскай цывілізацыі. У нас жа гаворка пра памежжа цывілізацыйнае. Я так ацэньваю, сітуацыя пагранічча — гэта і шчасце наша, і бяда. Беларусь не толькі памежжа паміж праваслаўем і каталіцтвам, не толькі паміж Польшчай і Расіяй, але таксама памежжа прыроднае. Ад Берасця да Віцебску дугой ідзе водападзел паміж чарнаморскай і балтыйскай воднымі сістэмамі. Дапусцім, рака палякаў — Вісла, вакол яе яны фармаваліся. У расійцаў — Волга, рака немцаў — Рэйн. І ёсць такі погляд, які выказаў адзін польскі мовазнаўца, што тым палітычным фактарам, які аб’яднаў землі памежжа на гэтым водападзеле, стала ВКЛ. Але мы сталі аб’ектам змагання больш моцных суседзяў. Польская гістарыяграфія любіць паўтараць, што палякі былі шчытом Еўропы... Не, дзвесце гадоў Беларусь была такім шчытом, за якім сядзелі палякі».

«Пішу марудна...»

Алесь Краўцэвіч — прафесійны гісторык, але ён таксама вядомы сваімі кніжкамі для шырокага чытача, у якіх папулярызуецца беларуская мінуўшчына. Як сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў ён прызнаецца:

«Пішу марудна, адна старонка тэксту для мяне — гэта многа, але працую больш-менш рэгулярна, таму набралася... „Краіну памежжа“ можна ў некаторым сэнсе назваць літаратурнай працай, а не гістарычнай. Стараюся працаваць над словам, апрацоўваць літаратурна свае тэксты».

Што рабіць з Вільняй?

Прыкладам памежжа заўсёды былі Вільня і ваколіцы, сталіца Літвы. Беларуская прысутнасць у горадзе сёння не адпавядае прысутнасці колішняй. Грамадскія высілкі вярнуць «гістарычную справядлівасць» яўна недастатковыя. Гісторык Краўцэвіч кажа, што рэальна змяніць становішча можна толькі калі паміж дзвюма краінамі не будзе палітычнай мяжы, калі Беларусь таксама будзе ў Еўрасаюзе. А што магчыма змяніць цяпер?

«Да Вільні адносіны адназначныя: канечне, сёння чужы горад, адсечаны мяжой. Але нельга яго выкідваць з нашай гісторыі, з нашай культуры, з памяці. Трэба ўкладаць грошы, як гэта робяць літоўцы, якія збудавалі ў Рымдзюнах (у Астравецкім раёне) свой культурны цэнтр. Такі цэнтр беларускай культуры трэба збудаваць у Вільні, музей таксама. Пры амбасадзе, як гэта маюць палякі, павінна быць пляцоўка акадэміі навук, бо ў Вільні сотні тысяч архіўных дакументаў — і беларускіх, і ВКЛ, якія не разабраныя. Трэба, каб там пастаянна была наша каманда навукоўцаў: няхай там жыве, вывучае, публікуе. Вось як палякі сябе адчуваюць у Вільні — як дома. Але такое магчыма толькі калі дзяржава будзе падтрымліваць, фінансаваць».