У Лідзе асвяцілі падзячны мэдальён Канстанціну Астрожскаму

Урачыстае асвячэнне адбылося ля царквы Георгія Пераможцы, на сцяне якой і прымацаваны медальён.

Настаяцель царквы айцец Расціслаў правёў малебен, распавёў вернікам пра тое, чаму праваслаўная царква шануе асобу Канстанціна Астрожскага, і зазначыў, што якраз гэты дзень — 11 верасня — дзень ягонага скону.

Асвячэнне адбылося адразу пасля літургіі. Айцец Расціслаў выйшаў разам з вернікамі да месца, дзе прымацаваны падзячны медальён Канстанціну Астрожскаму. Усе разам памаліліся, а потым айцец Расціслаў пакрапіў медальён святой вадой і распавёў прысутным пра заслугі Канстанціна Астрожскага перад Бацькаўшчынай і праваслаўнай царквой.

Айцец Расціслаў: «Ён найперш шмат зрабіў дзеля таго, каб межы нашае Радзімы былі абароненыя. А для праваслаўнае царквы пры ім было адчынена шмат новых храмаў. Ён быў па-сапраўднаму веруючым чалавекам, заўсёды наведваў храм, маліўся і шмат зрабіў дзеля таго, каб вера праваслаўная існавала на нашых землях. І нездарма ж яго цела пахавана ў Кіева-Пячэрскай лаўры. Гэта шмат пра што сведчыць...»

На ўрачыстасці прысутнічаў старшыня Лідскага ТБМ Станіслаў Суднік. Айцец Расціслаў падзякаваў яму за ідэю ўсталяваць медальён і за вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы да гэтай падзеі. Суднік атрымаў слова перад вернікамі, яўна хвалюецца і распавядае пра Канстанціна Астрожскага — гетмана найвышэйшага Вялікага Княства Літоўскага, ягоныя цноты і заслугі. Урэшце кажа, што пасля таго як бацюшка асвяціў медальён, дыхаць стала лягчэй.

Пазней ён распавёў, што ў нядзелю ўлады не дазволілі правесці ўрачыстае адкрыццё, бо адбылося непаразуменне: медальён назвалі ганаровай шыльдай, а для гэтага, маўляў, існуюць іншыя бюракратычныя дазволы. Але ўсё своечасова высветлілася, і з дабраслаўленьня япіскапа Наваградскага Гурыя падзячны медальён урэшце асвяцілі. Кажа Станіслаў Суднік:

Суднік: «Сёння мы адкрылі падзячны медальён ад грамадзян Лідскага раёна гетману найвышэйшаму Канстанціну Астрожскаму за ўсё тое, што ён зрабіў дзеля нашай зямлі і дзеля памяці будучых пакаленняў. Адкрыццё гэтага медальёна для мяне — гэта яшчэ адзін сплачаны доўг перад памяццю продкаў, тых, хто жыў да нас, хто ствараў гэтую краіну, бараніў яе і перадаў яе нам».

Актывіст Сяргей Трафімчык таксама прыклаў шмат намаганняў дзеля таго, каб падзячны медальён гетману Астрожскаму з'явіўся на сцяне лідскае царквы. Ён перахваляваўся ў нядзелю, калі забаранілі ўрачыстае асвячэньне медальёна, і відаць, што сёння гэтае хваляванне яшчэ яго не пакінула.

Трафімчык: «Дзякуючы Богу, нашу справу асвяцілі, акрапілі святой вадой, і цяпер будзем спадзявацца, што гэты знак адсюль не здымуць. Прыемна, што прыйшло шмат вернікаў пасля літургіі. Да таго ж сёння дзень святога Яна Хрысціцеля. Людзі вельмі станоўча да гэтага паставіліся, і на душы вельмі прыемна».

Мясцовы актывіст Міхал Бурачэўскі дадае, што ўшанаванне памяці такіх людзей, як Канстанцін Астрожскі, павінна адбывацца не толькі ў Лідзе, а і па ўсёй Беларусі.

«Гэта, па-першае, гонар, я вельмі задаволены, што гэты медальён з'явіўся, бо ўшанаваны наш нацыянальны герой. Асабліва ён праславіўся ў бітве пад Воршай. І гэта добры знак, што ў нас у Лідзе з'яўляюцца такія помнікі. Гэта выдатна, проста выдатна, і думаю, што гэта будзе не апошні помнік нашым героям. Яны з'явяцца яшчэ для многіх нашых выдатных людзей, памяць пра іх адродзіцца...»

Міхал Карневіч