Асвяцілі помнік Юрасю Бушлякову

3 верасня на Паўночных могілках Мінска адбылося асвячэнне помніка філолагу, педагогу, журналісту Радыё Свабода Юрасю Бушлякову.

Асвяціў помнік святар грэка-каталіцкай царквы, айцец Андрэй Абламейка. На асвячэнні прысутнічалі сваякі і сябры.

Аўтар помніка — скульптар Ігар Засімовіч.

Юрась Бушлякоў памёр пасля цяжкай хваробы 4 чэрвеня 2013 года. Пасля ягонай смерці ў свет выйшла кніга «Жывая мова», над якой ён працаваў апошнія месяцы жыцця. 

Юрась Бушлякоў нарадзіўся ў 1974 годзе ў Мінску.

Скончыўшы мінскую сярэднюю школу з залатым медалём, Юрась паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсітэта, які скончыў з чырвоным дыпломам.

У 2003 годзе ён абараніў дысертацыю на тэму «Моватворчая практыка Янкі Станкевіча (з гісторыі нармалізацыі беларускай мовы)». Выкладаў у БДУ, у Нацыянальным гуманітарным ліцэі ў Мінску, у Карлавым унівэрсітэце (Прага).

Журналістыкай Юрась займаўся ад 1994 года, працаваў у незалежных СМІ, на Радыё Рацыя, апошнія дзесяць год — на Радыё Свабода.

Засталіся бацькі і сын.