Са школьнай праграмы прапануюць прыбраць верш Генадзя Бураўкіна

Афіцыйны Саюз пісьменьнікаў Беларусі, якім кіруе генэрал міліцыі Мікалай Чаргінец, накіраваў у Міністэрства адукацыі ліст з прапановамі перагледзець школьную праграму па беларускай літаратуры. Пра гэта сказаў Радыё "Свабода" сакратар СПБ Георгі Марчук.

Прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Юлія Ваніна паведаміла, што ў яе няма ніякай інфармацыі ні пра сам ліст ад Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, ні пра магчымыя зьмены ў школьнай праграме па беларускай літаратуры.

У Нацыянальным інстытуце адукацыі, які непасрэдна займаецца распрацоўкай навучальных праграмаў, сказалі, што ніякіх прапаноў па зьменах у зьмесьце вывучэньня беларускай літаратуры ў школах краіны яны таксама ня маюць. Прынамсі, намесьнік дырэктара інстытуту Мікалай Яленскі нічога пра ліст з прапановамі афіцыйнага Саюзу пісьменьнікаў ня ведае.

Па словах спадара Яленскага, у 2014–15 навучальным годзе настаўнікі роднай літаратуры будуць працаваць паводле праграмы, зацьверджанай два гады таму.

Праўда, на сайце Міністэрства адукацыі выстаўленае «Інструктыўна-мэтадычнае пісьмо «Аб арганізацыі адукацыйнага працэсу пры вывучэньні вучэбных прадметаў „Беларуская мова“ і „Беларуская літаратура“ ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў 2014/2015 навучальным годзе», датаванае сёлетнім 25 чэрвеня. Дакумэнт прапаноўвае лёгкую карэкцыю некаторых пазыцыяў праграмы. У прыватнасьці, наступную:

«VІІ клас — у раздзеле ІІІ «Паэзія. Разнастайнасць ідэйна-эстэтычнага пафасу паэтычных твораў» твор Р. Барадуліна «Мы — беларусы» дазваляецца перанесці са спісу для чытання і вывучэння ў спіс для чытання і абмеркавання і не прапаноўваць для завучвання на памяць. Замест яго для завучвання на памяць можна выкарыстаць твор М. Танка «Дрэвы паміраюць»;

У VІІ класе верш Р. Барадуліна «Мы — беларусы» (як твор з рубрыкі «Для чытання і абмеркавання») мэтазгодна разглядаць ва ўзаемасувязі з творам А. Вярцінскага «Рэквіем па кожным чацвёртым». Адна гадзіна, якая вызваляецца пры гэтым, можа быць перанесена ў раздзел V «Паэзія ў прозе і проза ў паэзіі».

Іншых рэкамэндацыяў, які б сьведчылі пра істотныя зьмены праграмы, у тэксьце ліста няма. Але прапановы, каб зрабіць тое, ёсьць. Яны паходзяць ад «чаргінцоўскага» пісьменьніцкага аб’яднаньня. Гэта пацьвердзіў у інтэрвію нашаму радыё сакратар СПБ Георгі Марчук. Праўда, ідэалягічны прынцып адбору твораў і аўтараў ён на пачатку гаворкі адмаўляў.

«Мы толькі прапанавалі знайсьці лепшае ў кожнага. І ні ў якім разе не выключаць, скажам, нейкага пісьменьніка за тую ці іншую яго пазыцыю альбо за той ці іншы яго твор, які, можа, не адпавядае запатрабаваньням школьніка ці ўстаўлены быў па-валюнтарысцку раней, гадоў дваццаць таму, калі ўсё пераглядалася пасьля развалу СССР».

Але потым спадар Марчук аспрэчыў сябе.

«Ну як мы можам уключыць ці раіць уключыць абавязкова верш нябожчыка Бураўкіна „Панове, вы здрадзілі. Прыйдзе час, мы вам адпомсьцім. Беражыцеся!“ Я ўжо ня помню дасканала — пра што там. Ну, нейкі шантаж, пагроза. Каму... Мы ня можам прапагандаваць крайнія падыходы чалавеканенавіснасьці, толькі прымаць думку аднаго чалавека, ня ўлічваючы тое, што таленавітыя людзі прапануюць і сваё».

Георгі Марчук не агучыў імёнаў гэтых новых талентаў, якія, згодна зь ягонымі прапановамі, павінны замяніць у школьнай праграме прызнаных творцаў. Іх імёны, па ягоных словах, стануць вядомыя ў верасьні, калі прапановы будуць абмеркаваныя і прынятыя адпаведнымі дзяржаўнымі ўстановамі.


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение