"Спадзяемся на джэнтльменскія паводзіны ўладаў". Як Беларусь рыхтуецца адзначыць 500-годдзе бітвы пад Оршай

Сябры грамадскага аргкамітэту па святкаванні 500-годдзя бітвы пад Оршай распавялі віцяблянам, як "Вялікая гармата" Дзюрэра апынулася на Крапівенскім полі, ці ёсць падставы запрасіць на святкаванне крымскіх татараў і чаму дагэтуль Ленін у нашай краіне мацнейшы за гетмана Астрожскага. 

Мікола Купава: "Гэта была трыумфальная перамога!"

Грамадскі аргкамітэт па святкаванні 500-годдзя Аршанскай бітвы створаны ў лістападзе 2013 года. Узначаліў яго доктар гістарычных навук, прафесар Анатоль Грыцкевіч. Яго намеснікі - мастак Мікола Купава, гісторык Алесь Краўцэвіч, аршанскі бард Андрэй Мельнікаў і грамадскі дзеяч Алесь Жучкоў. Яны адказваюць адпаведна за мастацкае афармленне, гістарычны аспект, музычнае аздабленне і сувязі з грамадскасцю.

Мінабароны: "Каледж Астрожскага замест Сувораўскай вучэльні? Немэтазгодна!"

Сустрэча з сябрамі аргкамітэту па святкаванні 500-годдзя Аршанскай бітвы адбылася ў Віцебску ў Еўрапейскім клубе. Аб тым, як Беларусь рыхтуецца адзначыць дату перамогі пад Оршай, гараджанам распавядалі Мікола Купава, Андрэй Мельнікаў і Алесь Жучкоў.

Мікола Купава сцвердзіў, што "праграма святкавання вельмі грунтоўная". У Мінску на пачатку чэрвеня прайшла навуковая канферэнцыя "Бітва пад Оршай праз 500 гадоў: асаблівасці нацыянальных інтэрпрэтацый". У планах - зрабіць медаль і значкі, прысвечаныя Аршанскай бітве, выдаць паштоўкі, плакаты, кнігі. Некаторыя з іх ужо пабачылі свет.

Эскіз медаля да 500-годдзя перамогі пад Оршай. Аўтар Мікола Купава

У Лідзе неўзабаве будзе асвечана мемарыяльная дошка ў гонар вялікага гетмана Канстанціна Астрожскага - палкаводца войска ВКЛ у пераможнай бітве пад Оршай. Дошку плануюць усталяваць на адной з цэркваў.

На пачатку снежня плануецца зладзіць ганаровы ўваход гетмана Астрожскага ў Вільню. З гэтай мэтай аргкамітэт звярнуўся за дапамогай да літоўскага боку. Дарэчы, сейм Літвы афіцыйна абвясціў 2014 год годам Аршанскай бітвы ў гонар перамогі над войскам Маскоўскага княства.

"А што наша дзяржава? Мы пісалі ўладам розных гарадоў і нават міністру абароны, каб міністэрства далучылася да святкаванняў, але адказу няма. У прыватнасці, прасілі міністра перайменаваць Сувораўскую вучэльню ў вайсковы каледж імя Астрожскага. Адказалі, што немэтазгодна, бо беларускія вайскоўцы вучацца на прыкладзе Суворава. Грунтоўныя падставы… Думаю, што проста час не прыйшоў", - мяркуе Мікола Купава.

Таксама аргкамітэт звярнуўся ў Акадэмію навук Беларусі з просьбай правесці на Крапівенскім полі, дзе адбылася Аршанская бітва, раскопкі, у тым ліку падводныя. На ўзбярэжжы ракі Крапівенкі археалагічныя даследаванні не праводзіліся ніколі.

Алесь Жучкоў: "Можа, падзеі ва Украіне іх падштурхнуць?.."

Між тым актывісты аргкамітэту адзначылі, што ў Мінску адна з вуліц, якая будуецца ў мікрараёне Міхалова-2, будзе называцца ў гонар бацькі і сына Астрожскіх. Таксама Нацбанк Беларусі прыняў летась рашэнне выпусціць манету, прысвечаную князю Астрожскаму, у серыі "Умацаванне і абарона дзяржавы". "Але пакуль што мы гэтай манеты не бачылі", - зазначыў Купава.

Алесь Жучкоў расказаў, што ў Аршанскі гарвыканкам накіравалі прапанову перайменаваць вуліцу Леніна ў вуліцу Астрожскага, а на месцы помніка правадыру пралетарыяту ўсталяваць помнік гетману-пераможцу. Адказу ад гарадскіх уладаў пакуль не дачакаліся.

Няма адказу і з Аршанскага райвыканкама, куды аргкамітэт накіраваў прапанову стварыць на Крапівенскім полі мемарыял. "Я думаю, калі мы напішам Косінцу (Аляксандр Косінец - старшыня Віцебскага аблвыканкама. - TUT.BY), таксама наўрад ці будзе адказ. Не ведаю… Можа, падзеі ва Украіне іх падштурхнуць узгадаць пра гэтую бітву? Але хай бы проста не перашкаджалі, і ўжо тое будзе добра", - лічыць Алесь Жучкоў.

"Мы напісалі лісты ў Віцебскі аблвыканкам і Аршанскі райвыканкам з просьбай не рабіць перашкодаў 6 верасня, калі туды прыедуць людзі з усіх куткоў Еўропы для таго, каб адзначыць гэты вялікі дзень у еўрапейскай гісторыі… Мы напісалі ім і будзем спадзявацца на джэнтльменскія паводзіны…" - дадае Мікола Купава.

Мікола Купава: "Такое свята павінна святкавацца маштабна"

Купава лічыць, што святкаванне 500-годдзя Аршанскай бітвы павінна ахапіць усю Беларусь. Адсвяткаваць можна дзе заўгодна: "Мы вырашылі, што будзем святкаваць не толькі на Крапівенскім полі. Прапануем гэта зрабіць кожнаму, дзе ён можа. І не таму, што гэтым самым мы адцягнем увагу ўладаў уласна ад Оршы. А таму, што гэта такое свята, якое павінна святкавацца маштабна па ўсёй краіне. Адвольна, як хто можа. Гэта і на сваім падворку можна зрабіць, і ў лесе - дзе хочаце".

Сябры аргкамітэту паведамілі, што неўзабаве адкрыецца сайт, прысвечаны святкаванню 500-годдзя бітвы пад Оршай: "Мы сабралі вялікую колькасць цікавых матэрыялаў. І пакажам, што гэта перамога не выпадковасць, а заканамернасць".

У межах праграмы святкаванняў абвешчаны таксама дзіцячы конкурс малюнкаў, па выніках якога ў Мінску 5 верасня адкрыецца некалькі выстаў.

Андрэй Мельнікаў: "Роля юдэяў у Аршанскай бітве - перспектыўная"

Пасля гэтага ўвага ўдзельнікаў сустрэчы ў Еўрапейскім клубе была прыцягнута да славутага батальнага палатна "Бітва пад Оршай", створанага ў 1520-1525 гадах невядомым мастаком. Хто быў той мастак, хто быў заказчыкам і фундатарам працы - пра гэта разважаў Мікола Купава. 

Карціна "Бітва пад Оршай". Крыніца: wikimedia.org

Ён упэўнены, што надышоў час вярнуць карціну ў гісторыю беларускага мастацтва, у беларускі культурна-гістарычны кантэкст. Але для гэтага трэба правесці грунтоўнае даследаванне. Гэта шырокая прастора для працы беларускіх вайсковых гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, культуролагаў. Зараз карціна захоўваецца ў Варшаўскім нацыянальным музеі. Дарэчы, каляндар на 2014 год з выявай карціны сёлета выдаў незалежны тэлеканал "Белсат".

Мастак Мікола Купава паабяцаў, што пазней абавязкова апублікуе сваё прачытанне карціны "Бітва пад Оршай". Дыскусія наконт батальнага палатна вылівалася часам у гарачую спрэчку. Напрыклад, калі ўзнялі пытанне гарматы з вядомай гравюры Дзюрэра "Вялікая гармата" (1518), якая нейкім чынам трапіла на пярэдні план "аршанскай" карціны… Версіі былі вельмі цікавыя. 

Андрэй Мельнікаў

Імпрэза скончылася песнямі пад гітару беларускага барда Андрэя Мельнікава. Перад сваім выступам - жартам ці ўсур'ёз - ён прапанаваў запрасіць сёлета на Крапівенскае поле крымскіх татараў ("Бо на карціне ёсць сцяг блакітны…") і амбасадара Ізраіля ў Беларусі ("Бо роля юдэяў у Аршанскай бітве - перспектыўная…"). І пасля гэтага праспяваў для віцяблян пранізлівую песню на вершы Марка Шагала. Затым прагучала знаёмая многім "Бітва пад Оршай".

У перапынках Андрэй Мельнікаў разыгрываў прызы ад кампаніі "Будзьма беларусамі", якая спрычынілася да яго выступу ў Віцебску. 

Бітва пад Оршай адбылася 8 верасня 1514 года паміж 30-тысячным войскам ВКЛ пад камандаваннем Канстанціна Астрожскага і 80-тысячным войскам Маскоўскага княства пад камандаваннем Івана Чалядніна і Міхаіла Булгакава-Голіцы на Крапівенскім полі на беразе Дняпра ў 5 км ад Оршы. Скончылася бліскучай перамогай войска ВКЛ. Гэтая перамога мела вялікі рэзананс у тагачаснай Еўропе.

Зміцер Міраш, фота аўтара, TUT.BY  

 

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение