Бяляцкі: «Успаміны пра турму я буду пісаць на волі, а ў турме пісаў пра волю»

У Мінску прэзентавалі кнігу Алеся Бяляцкага «Іртутнае срэбра жыцця. Нататкі правабаронцы».

На прэзентацыі сярод іншых прысутнічалі колішнія палітвязні, грамадскія дзеячы і літаратары Уладзімер Някляеў, Павал Севярынец і Зміцер Дашкевіч.

Пасля зняволенняў за Плошчу-2010 Някляеў напісаў «Лісты да Волі» , Севярынец — «Беларускую глыбіню», а Дашкевіч — «Чарвяка».

Алясь Бяляцкі прызнаўся: ён узрушаны, бо за тыя гады, пакуль быў за кратамі, іншыя палітвязні напісалі выдатныя кнігі.

Бяляцкі пажартаваў, што трэба пасадзіць увесь Саюз пісьменнікаў, каб у беларускай літаратуры з'явіліся новыя цікавыя творы.

У аснову кнігі «Іртутнае срэбра жыцця. Нататкі правабаронцы» пакладзеныя лісты, якія праваабаронца дасылаў на волю сваім сябрам і калегам.

Бяляцкі апісвае не ўласныя турэмныя прыгоды, а тыя падзеі, якія папарэднічалі ягонаму арышту.

Кніга падзеленыя на тры часткі:

  • эсэ Алеся Бяляцкага;
  • «Сустрэчы салідарнасці» — апісанні паездак аўтара ў якасці віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека;
  • апошняе слова праваабаронцы ў судзе.

Рэдактары і ўкладальнікі кнігі Алена Лапцёнак і Ірына Пракопчык распавялі, што праца над ёй адбывалася дыстанцыйна і ў рэжыме ліставання.

Аўтару і ўкладальніцам даводзілася абыходзіць турэмную цэнзуру. Бяляцкі нават згадаў, як цэнзары вярталі яму лісты і як ён перапісваў тэксты.

«Успаміны пра турму я буду пісаць на волі, а ў турме пісаў пра волю, пра апошнія паўгода свайго вольнага жыцця. Кніжка цалкам рабілася без мяне, і яна з'яўляецца такім калектыўным дзіцём. Некалькі чалавек расшыфроўвалі мае лісты, бо маю паганы почырк, таксама была асобная эпапея з выданнем кніжкі: яна крыху затрымалася. І вось я выйшаў нечакана перад самай прэзентацыяй, якая планавалася без мяне, таму тут усё вельмі жыва. І сама назва кніжкі „Іртутнае срэбра жыцця“, мабыць, перадае і небяспеку, і прыцягальнасць, і жывасць нашага жыцця, якое змяняецца кожную хвіліну», — заявіў Бяляцкі ў інтэрвію Радыё Свабода.

На заднім фарзацы кнігі «Іртутнае срэбра жыцця. Нататкі правабаронцы» напісана, што на момант яе выхаду аўтар адбывае пакаранне ў бабруйскай папраўчай калоніі.

Алесь Бяляцкі выйшаў на волю 21 чэрвеня 2014 года.

Даведка

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 4,5 году турмы ў лістападзе 2011-га. Яго пакаралі за нясплату падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасць.

Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Мінску Літва і Польшча.

Краіны Еўрасаюза, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічылі Бяляцкага палітвязнем, а прысуд яму — палітычна матываваным.

У 2012 і 2013 гадах Алесь Бяляцкі быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію міру.