У Беларусі ствараецца Кодэкс аб культуры

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў з камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Наталля Кучынская ў сувязі з публікацыяй праекту «Асноў дзяржаўнай культурнай палітыкі Расійскай Федэрацыі» расказала "Радыё Свабода", што ў Беларусі ўжо існуе падобны дакумент.

«На сёння культурная палітыка нашай краіны замацаваная ў Законе аб культуры і ў Дзяржаўнай праграме культуры Беларусі на 2011-2015 гады. І гэта праграма зацверджаная адпаведнай пастановай ураду. Але мы вырашылі пайсці далей. І цяпер рыхтуем спецыяльны Кодэкс аб культуры. Гэта — грунтоўны дакумент. І ў ім будуць адрэгуляваныя прававыя, арганізацыйныя, эканамічныя асновы культурнай дзейнасці. На мой погляд, кадыфікацыя — патрэбная справа. Гэта будзе адзіны дакумент у галіне культуры. І ён дазволіць спрасціць заканадаўства, зрабіць яго больш сістэмным. Бо зараз мы маем 7 „культурніцкіх“ законаў, 20 указаў кіраўніка дзяржавы, прыкладна каля паўсотні пастановаў ураду і шмат нарматыўна-прававых актаў Міністэрства культуры. А калі ў нас з’явіцца адзін дакумент, то, зразумела, што гэта будзе сістэма». Спадарыня Кучынская паведаміла, што праект кодэксу апублікаваны на сайце Міністэрства культуры. Свае прапановы да дакумента можа даслаць любы грамадзянін Беларусі. Створаная адпаведная рабочая група: «Я таксама ў яе ўваходжу. У праекце Кодэксу аб культуры мы разглядаем літаральна кожны параграф. Наперадзе — яшчэ два паседжанні. Затым аддадзім дакумент у Саўмін. І спадзяемся, што ў красавіку 2015 года ён паступіць у Палату прадстаўнікоў. Скажу, што гэта праца няпростая, але цікавая».