Арсень Ліс: На справу беларушчыны гляджу з аптымізмам

4 лютага споўнілася 80 гадоў выбітнаму беларускаму навукоўцу, пісьменніку і літаратуразнаўцу Арсеню Лісу. Арсень Сяргеевіч у свой юбілей даў інтэрв'ю карэспандэнту Радыё Свабода.

«Лічу, што пашанцавала сёння мне з надвор’ем — такі сонечны дзень! Гадзінкі паўтары я пахадзіў, палюбаваўся прыродай. Які прыгожы дзень, які прыгожы свет, які прыгожы край наш! Паглядзеў на гэтыя бярозы, якія стаяць у лёгкім ранішнім тумане. А якое сонца! Яно нясе надзею, што скора вясна. І што можна будзе дачакацца, як казалі нашы продкі, травы», — адказаў Арсень Ліс на віншаванні з днём народзінаў і пажаданні здароўя, творчых поспехаў і асабістага шчасця. Жывучы ў Міску ў мікрараёне Вяснянка, юбіляр мае магчымасць штодня бачыць прыроду: рэчку і добра дагледжаны лесапарк. Размова з Арсенем Лісам зараджала аптымізмам. Арсень Ліс напісаў шмат кніг пра выбітных дзеячаў беларускай культуры, ён вядомы як бліскучы ўкладальнік кніг па беларускай культуры, напісаў некалькі сцэнараў для дакументальных фільмаў, якія сталі падзеямі беларускага дакументальнага кіно. У 1986 годзе Арсень Ліс быў ушанаваны Дзяржаўнай прэміяй БССР за ўдзел у падрыхтоўцы і выданні акадэмічнага збору беларускай народнай творчасці. Ён працягвае сваю літаратурную і навуковую дзейнасць. Якімі працамі адзначаны ягоны юбілей? «У серыі „Кнігазбор“ выйшаў мой том „Выбранае“. Там новага, праўда, няшмат, але ўпершыню ідзе нарыс пра Аляксандра Цвікевіча, нашага выдатнага навукоўца і палітыка. І яшчэ змясціў там эсэ пра дзядоў майго дзяцінства — адметных вясковых людзей. Гэта як галасы майго дзяцінства, якія гадоў 10 таму неяк у мяне пачалі гучаць. Гэтыя галасы я запісаў — гэта ёсць у маёй кнізе». Арсень Ліс працягвае ўдзельнічаць і ў грамадскім жыцці Беларусі, ён адзін з актыўных сяброў Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Адказаў спадар Ліс і на пытанне пра тое, як ён ацэньвае сённяшні стан і перспектывы беларушчыны:
«Збольшага мяне ўсё ж радуе моладзь. Справа з беларушчынай не безнадзейная, хоць і не такая простая. Але ж глядзіце, мы столькі выдаём кніг! Вунь „Залатая калекцыя“ — гэта ўжо чатыры кнігі беларускай літаратуры, пачынаючы з 11 стагоддзя. Яны выйшлі ў асноўным намаганнямі Інстытуту літаратуры, ужо, на жаль, былога, бо ён цяпер там у агульнай структуры. У бібліятэцы „Беларускі кнігазбор“, якую выпускае Кастусь Цьвірка, ужо больш за 60 кніг — а гэта ж стратэгічны напрамак, накіраваны ў нашу будучыню. Збольшага моладзь радуе. Часам паэта маладога прачытаеш, якога ніколі не чытаў, а ў яго і голас, і пазіцыя грамадская вельмі цвярозая, рэальная, перспектыўная. Вось нядаўна прачытаў вершы Змітрака Кузьменкі ў „Беларускім часе“ — такое радуе. А вось што на вуліцы радзей чуваць беларускую мову, гэта непакоіць. У 90-я гады больш было чуваць. За 20 гадоў мы тут наперад, на жаль, ніяк не прасунуліся. Але я не лічу, што мы безнадзейныя, што паколькі нас ЮНЭСКА запісвае ў „Белую кнігу“, то мы гэтак і сапраўды зніклі. Не, будзем расці».