Аляксандр Фядута склаў кнігу пра рэвалюцыю паэтаў

«Голас волі з-за кратаў» — так называецца анталогія твораў беларускіх палітзняволеных, якая выйдзе ў свет напярэдадні праваслаўных Калядаў у Вільні.

Першая прэзентацыя адбудзецца тамсама, але стваральнікі ўжо цяпер думаюць, якім чынам прывезці і распаўсюдзіць выданне ў Беларусі. Укладальнік кнігі, якая выйдзе на трох мовах (беларускай, рускай і польскай) і будзе налічваць ажно 990 старонак — літаратуразнаўца і сам былы палітзняволены Аляксандар Фядута — расказаў Радыё Свабода, як ён абіраў творы для выданьня і чаму вершы — самая цікавая яго частка. — У літаратурнай тэрміналогіі анталогія — гэта зборнік абраных твораў. Паводле якога крытэру вы як аўтар-укладальнік выбіралі творы для «Голасу волі з-за кратаў»? — Туды ўвайшлі тэксты, напісаныя грамадзянамі Беларусі, якія ў розныя часы атрымлівалі статус палітычных зняволеных. Паводле часу: ад Паўла Шарамета да Алеся Бяляцкага. Паводле алфавіту: ад Аліневіча да Яроменка. Усяго 18 аўтараў. Я спрабаваў зрабіць усё, каб тэксты былі прэзентатыўнымі. На мой погляд, кніжка адбылася цікавая, таму што ў ёй тэксты розныя паводле жанру. Ёсць вершы, ёсць успаміны, у тым ліку і тыя, якія не тычацца часоў зняволення, ёсць дзённікі. А вось артыкулы для кнігі абіраліся толькі тыя, якія тычацца тэмы палітзняволеных. — Асабіста для вас што самае цікавае ў кнізе? — Вершы. Тут шмат адкрыццяў. Я думаю, што чытачам будзе цікава пазнаёміцца з вядомым гісторыкам-архівістам Змітром Драздом у новай якасці паэта. Вельмі цікавыя і незвычайныя вершы ва ўдзельніка Плошчы-2010 Яўгена Сакрэта. Ёсць вершы Уладзімера Някляева. Вельмі прыемна, што пагадзіліся даць свае творы Ірына Халіп і Наталя Радзіна. Але яны — не адзіныя жанчыны ў анталогіі, бо ёсць яшчэ вельмі кранальныя вершы Машы Трафімавай, якая атрымала «суткі» за ўдзел у Плошчы-2010. Але самае важнае ў гэтай кнізе — вершы чалавека, якога ўжо няма з намі, — Арцёма Грыбкова. І я спадзяюся, што «Голас волі з-за кратаў» будзе своеасаблівым друкаваным помнікам гэтаму чалавеку, з якога мог вырасці паэт і які, на жаль, не дажыў нават да выхаду гэтай кнігі. — Наколькі карэктна гаварыць пра мастацкую вартасць таго ці іншага твору, напісанага за кратамі? Увогуле, што важней: літаратурная якасць ці тое, пра што напісаны твор і ў якіх варунках? — У кнізе ёсць тэксты двух кірункаў. Ёсць паэзія. Але ў паэзіі — розныя аўтары. Зразумела, што няшмат хто з палітычных зняволеных вытрымае канкурэнцыю з боку Уладзімера Някляева. Але гэта не значыць, што гэтыя вершы не трэба збіраць і друкаваць. Яны — помнікі часу. Творы іншага кірунку адносяцца да non-fiction — немастацкай літаратуры. Гэта ўспаміны і дзённікі. Якраз такія творы маюць вартасць гістарычную. На мой погляд, вельмі добра, што творы абодвух тыпаў сабраныя пад адной вокладкай. Гэта спроба прадэманстраваць культурна-гістарычны кантэкст, у якім жывуць палітычныя апаненты рэжыму Лукашэнкі. Увогуле, калі я пачынаў збіраць тэксты для гэтай анталогіі, я спадзяваўся давесці, што 19 снежня 2010 году павінна была адбыцца і не адбылася рэвалюцыя паэтаў. Таму што сапраўды вельмі шмат хто пісаў вершы. Але не ўсе пагадзіліся даць іх для кнігі. Таму давялося пашырыць канцэпцыю. У выніку ні кніга, ні чытач не прайгралі, таму што ў зборніку тэксты, па якіх наступныя пакаленні будуць меркаваць пра наш час. — Якое месца займае турэмная літаратура ў сучасным свеце? Хто яе чытае? — Цяжка сказаць, таму што я не ведаю аналагічных сітуацыяў у іншых краінах, як тая, якую маем у Беларусі. Я спадзяюся, што кніга будзе цікавай. І ведаю адно: тыя аўтары, тэксты якіх увайшлі ў гэтую анталогію, заўжды будуць ганарыцца тым, што яны напісалі. А дзяржава наша, на жаль, будзе заўжды адчуваць сябе ў стане адказнасці за тое, што адбылася такая ганебная з'ява, што людзі былі арыштаваныя па прыкладзе сталінскіх і паслясталінскіх часоў. Дзяржава заўсёды будзе адчуваць сябе вельмі няёмка. І тым больш яна будзе адчуваць сябе няёмка, што апроч гэтых амаль што тысячы старонак можна было скласці яшчэ адну, а то і дзьве падобныя анталогіі па тысячы старонак. А гэта недаравальна для дзяржавы, якая чамусьці лічыць сябе дэмакратычнай.

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение