Курсаў «Мова ці кава» больш не будзе

Бясплатныя заняткі па беларускай мове чакае рэбрэндынг.

16 снежня ў мінскай галерэі «Ў» адбыўся апошні ў 2013 годзе занятак бясплатных моўных курсаў «Мова ці кава».

Каля сотні сталых наведвальнікаў праверылі свае веды з дапамогай вясёлага тэста, падрыхтаванага выкладчыкамі Алесяй Літвіноўскай і Глебам Лабадзенкам.

Арганізатар курсаў журналістка Кацярына Кібальчыч падвяла вынікі года працы. Таксама Кібальчыч паведаміла, што з новага года не будзе займацца арганізацый мінскіх курсаў — гэты абавязак цалкам узяў на сябе Глеб Лабадзенка.

Лабадзенка запэўніў, што з любімымі многімі курсамі нічога не здарыцца і яны будуць праходзіць паводле таго самага графіка, што і раней: у панядзелак а 7-й вечара ў памяшканні галерэі «Ў». Наступны занятак адбудзецца перад Старым Новым Годам, 13 студзеня.

Адзінае, што зменіцца — гэта назва. Курсы больш не будуць насіць звыклае імя, а новую назву ўдзельнікам было прапанаваны выбраць самім наўпрост падчас наступнага занятка.

Першы занятак «Мова ці кава» адбыўся ў Мінску 19 лютага 2013 года.Бясплатныя курсы беларускай мовы — ініцыятыва беларускай журналісткі Кацярыны Кібальчыч, якая цяпер жыве ў Маскве. Кібальчыч спачатку арганізавала курсы «Мова ці кава» ў Маскве, а потым выкарыстала атрыманы досвед, каб распачаць навучанне беларускай мове ў Мінску.