Выйшаў першы энцыклапедычны слоўнік рэлігійнай лексікі беларускай мовы

У выдавецтве Граўцова выйшаў першы энцыклапедычны слоўнік рэлігійнай лексікі беларускай мовы.

Выданне прадстаўлена ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным ўнівэрсітэце на кніжнай выставе, якая зладжаная да XV Міжнароднага з'езду славістаў. «Слоўнік з'яўляецца ўніверсальным даведнікам па розных напрамках рэлігійнага жыцця ў Рэспубліцы Беларусь. У ім прадстаўлена актуальная міжканфесійная лексіка, якая датычыцца рэлігійных і рэлігійна-філасофскіх плыняў, назваў рэлігійных арганізацый, абшчын, прыводзяцца звесткі аб найбольш вядомых і шанаваных у народзе абразах, крыніцах, розных святынях», — паведамляецца ў анатацыі да выдання. Аўтары энцыклапедычнага слоўніка — ксёндз-дэкан мінскага касцёла Святога Сымона і Святой Алены Уладзіслаў Завальнюк, загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прафесар Мікалай Прыгодзіч і выкладчык-метадыст беларускай мовы і літаратуры Валянціна Раманцэвіч, паведамляе БелаПАН.